Барысаўскі суд зробіць Арамнава невыязным?
Крымінальную справу штангіста Андрэя Арамнава перадалі ў Барысаўскі міжгарнізонны суд. Як паўплывае рашэнне суда на ўдзел спартоўца ў чэмпіянаце свету, Еўрарадыё запыталася ў галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай Аляксандра Ганчарова
У барысаўскім міжгарнізонным судзе Еўрарадыё паведамілі, што справу Арамнава будуць разглядаць 29-га траўня.
Суд: "Прызначана на 29 мая на 10.00. Суддзёй будзе старшыня суду, палкоўнік юстыцыі Калінеўскі. Гэта ж судовы разбор, тут могуць даць і штраф, і арышт, і абмежаванне волі. Але звычайна, хутчэй за ўсё, штраф".
Напярэдадні суду Арамнаў сышоў з нацыянальнай зборнай па цяжкай атлетыцы і цяпер самастойна трэніруецца ў Барысаве. Прычынай сталі непаразуменні з галоўным трэнерам зборнай Аляксандрам Ганчаровым. Пра гэта беларускі цяжкаатлет расказаў у інтэрв'ю Еўрарадыё.
Андрэй Арамнаў: “Я часова сышоў. Я палічыў, што трэнер зборнай не абараніў мяне як належыць. Як можна знаходзіцца побач з чалавекам, які, на мой погляд, жадае мне зла? Гэта чалавек, які павінен быў першым за мяне заступіцца — а ён першым настойваў на тым, каб мяне вельмі жорстка пакараць. Так што, чым побач з ім знаходзіцца, я лепш буду тут”.
Еўрарадыё пацікавілася ў галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай Аляксандра Ганчарова, ці паўплывае рашэнне суда на ўдзел Арамнава ў чэмпіянаце свету.
Аляксандр Ганчароў: "Я думаю, суд прыме да ўвагі, што ён алімпійскі чэмпіён. І што не такі ўжо ён вялікі злачынец. Яго нават так нельга называць. Проста
чалавек нязначна парушыў закон і павінен быць мякка пакараны. Я думаю, гэта не паўплывае на яго ўдзел у чэмпіянаце свету і нацыянальнай зборнай".
Але калі Арамнава пакараюць пазбаўленнем волі, то ён не зможа паехаць на міжнародныя спаборніцтвы.
Аляксандр Ганчароў: "Я слаба ведаю юрыспрудэнцыю, але спартовец, які будзе асуджаны, крый божа, на тую ж "хімію", не будзе мець права выехаць з краіны. Але я думаю, да гэтага не дойдзе. Я хацеў бы, каб людзі разумна паставіліся да гэтай сітуацыі. Гэта ж наш чэмпіён, нашая спартовая будучыня. Думаю, да яго паставяцца добразычліва. Яму ж толькі 20 гадоў — з кім такога не бывае".
Сам жа штангіст вельмі здзівіўся пытанню пра тое, што яго могуць не дапусціць да спаборніцтваў, не залічыць у склад зборнай.
Андрэй Арамнаў: “Як мяне могуць не ўзяць, калі я буду самы моцны і самы тытулаваны на сённяшні дзень з дзейсных спартсменаў?!”
Еўрарадыё пацікавілася ў трэнера, ці паўплывае на спартовыя вынікі Андрэя псіхалагічная нагрузка — суд, сыход са зборнай.
Аляксандр Ганчароў: "Натуральна, ён хвалюецца, ніхто не можа застацца абыякавым у такой сітуацыі. Гэта можа паўплываць. Але ён моцны спартовец, псіхалагічна ўстойлівы, малады. Я думаю, ён лёгка перажыве нанесеную псіхалагічную траўму".
Аляксандр Ганчароў кажа, што наперадзе шмат часу, і спадзяецца, што Андрэй Арамнаў зноў паднімецца на п'едэстал гонару.