БелаПАН: частка рэдакцыі знаходзіцца за мяжой і працягне працаваць
БелаПАН заяўляе, што частка рэдакцыі знаходзіцца за мяжой, таму праца інфармацыйнага агенцтва працягнецца.
БелаПАН выступіў з адмысловай заявай з нагоды сённяшніх падзеяў.
"18 жніўня ў офісе і ў пяці супрацоўнікаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН — карэспандэнтаў Ірыны Турчыной і Захара Шчарбакова, намесніка галоўнага рэдактара Аляксандра Зайцава, галоўнага рэдактара — дырэктара кампаніі Ірыны Леўшынай і бухгалтара Кацярыны Боевай — прайшлі вобшукі. Ірына Леўшына і Кацярына Боева, а таксама былы дырэктар БелаПАН Дзмітрый Наважылаў затрыманыя і знаходзяцца ў ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама.
Сайты БелаПАН — belapan.by і belapan.com — недаступныя. Верагодна, гэта звязана з выманнем сервера БелаПАН у офісе "Белтэлекама", — пералічваецца ў заяве інфармагенцтва.
Ператрусы, як удакладніў Следчы камітэт, адбываліся ў рамках крымінальнай справы аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Пры гэтым атрымаць каментар у Следчым камітэце журналісты не змаглі — прэс-служба СК апублікавала яго праз некалькі гадзін.
"БелаПАН расцэньвае гэтыя падзеі як працяг палітыкі задушэння свабоды слова ў Беларусі і патрабуе неадкладнага вызвалення затрыманых калег, а таксама ўсіх зняволеных журналістаў", — заяўляюць у інфармагенцтве.
У БелаПАН прызнаюць, што праца агенцтва ў Мінску паралізаваная. Аднак тыя супрацоўнікі, што знаходзяцца па-за межамі Беларусі працягнуць забяспечваць інфармацыяй чытачоў і падпісчыкаў, "як гэта было на працягу амаль 30 гадоў з дня стварэння БелаПАН".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.