Беларусь адкрывае консульства ў індыйскім Мумбаі
Генеральнае консульства Беларусі ў Мумбаі павінна запрацаваць да канца года / БелТА
Беларусь адкрывае Генеральнае консульства ў індыйскім горадзе Мумбаі. Адпаведная пастанова ўрада апублікавана на Нацыянальным прававым партале.
Консульства павінна пачаць працу ўжо да канца года. Нагадаем, у сярэдзіне ліпеня Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па прыярытэтах знешняй палітыкі прапанаваў актывізаваць працу "там, дзе нас чакаюць, дзе створаны сур'ёзны зачын". Тады ж ён выказаў ідэю скараціць беларускія дыппрадстаўніцтвы ў Еўропе. На ягоную думку, няма сэнсу "трымаць кучу дыпламатаў, калі мы наогул з імі не гандлюем, а палітычныя стасункі, дыпламатыя, ну яна не проста адсутнічае, яна на шкоду дзяржаве".
Лукашэнка прапанаваў пакінуць у еўрапейскіх краінах амбасадара і памочніка, і здымаць для іх "двухпакаёвую кватэру".
За 2020 год тавараабарот з Індыяй склаў крыху больш за 575 мільёнаў долараў з вялікім станоўчым сальда. Асноўная пазіцыя — прадукцыя "Беларуськалія". Аднак прырост тавараабароту ў параўнанні з 2019 годам быў невялікім — у межах 1,3%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.