Беларусь не абмяркоўвае далучэнне да расійскіх санкцыяў супраць Еўрасаюза
У МЗС Беларусі лічаць, што расійскі міністр Лаўроў проста абазначыў гіпатэтычную магчымасць.
Казахстан і Беларусь могуць далучыцца да расійскіх санкцый супраць Еўрасаюза. З такой заявай выступіў міністр замежных справаў Расіі Сяргей Лаўроў у інтэрвію агенцтву "РИА-Новости".
Аднак у Міністэрстве замежных спраў Беларусі кажуць, што такое пытанне не стаіць на парадку дня. Прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык у каментары Радыё "Свабода" адзначыў: "Калі расійскі бок не выключае, што такая неабходнасць можа ўзнікнуць у будучыні, то гэта меркаванне расійскага боку. І гэта права расійскага боку, таксама як права беларускага боку ставіць на парадак дня інтэграцыйных аб’яднанняў тыя ці іншыя пытанні".
Беларускі дыпламат лічыць, што расійскі міністр проста абазначыў магчымасць у рамках нарматыўна-прававой базы Мытнага саюзу тое, што Расія можа паставіць гэтае пытанне на парадак дня.