Беларусь пачала імпарт нарвежскай нафты
Беларуская нафтавая кампанія (БНК) купіла партыю нарвежскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда 22 студзеня, інфармуе інфармацыйнае агенцтва Reuters.
Прадаўцом магла выступіць французская кампанія Total. Нафту на Наваполацкі НПЗ даставяць чыгункай.
Прадстаўнік канцэрна "Белнафтахім" паведаміў Reuters, што пасля атрымання гэтай партыі нафты перамовы наконт паставак расійскай сыравіны будуць працягвацца.
У Клайпедскім порце падлічылі, што гэтыя пастаўкі будуць каштаваць афіцыйнаму Мінску значна даражэй, чым імпарт па нафтаправодах: перавалка і транспартаванне да завода чыгункай будуць каштаваць больш як 20 долараў за тону.
Паведамляецца, што нарвежская нафта па сваіх паказчыках блізкая да расійскага гатунку Urals, які раней атрымлівалі беларускія НПЗ.
Да Новага года Беларусь і Расія не змаглі дамовіцца пра пастаўкі нафты. Таму з 1 студзеня пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь спыніліся. Транзіт нафты праз Беларусь ідзе бесперабойна.
4 студзеня пастаўкамі нафты ў Беларусь заняліся кампаніі Міхаіла Гуцарыева. Аднак іх магчымасцяў хапае толькі на палавінную загрузку беларускіх НПЗ.
У пошуках нафты афіцыйны Мінск звярнуўся да іншых краін — у там ліку ў Казахстан і Азербайджан. Літва і Латвія абвясцілі, што гатовыя прадаставіць свае порты для перавалкі нафты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.