Беларусь сутыкаецца з перашкодамі пры пастаўцы харчавання ў Еўрасаюз
Пра гэта заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц.
Беларусь сутыкаецца з перашкодамі пры пастаўцы харчовай прадукцыі ў краіны Еўрасаюза. Пра гэта 2 чэрвеня ў Мінску заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц.
Паводле яго слоў, на сённяшні дзень пяць беларускіх прадпрыемстваў сертыфікаваныя для паставак прадукцыі на еўрапейскі рынак. "Але вельмі цяжка туды ідзе прасоўванне нашага тавару, — цытуе словы міністра БелаПАН. — Не па якасці, а ў сувязі з пошліннай аховай. ЕС з мэтай аховы свайго вытворцы загарадзіўся вялікімі пошлінамі. Наш тавар паводле азначэння не праходзіць па цэнавым фактары".
Леанід Заяц адзначыў, што сёлета пастаўленая задача — забяспечыць прыток валюты ад экспарту харчовай прадукцыі ў памеры не меншым за 7 млрд долараў. Ён выказаў надзею на тое, што згаданы аб'ём экспарту будзе дасягнуты, "як бы цяжка не ішла рэалізацыя прадукцыі".
Асноўным рынкам для беларускіх тавараў застаецца Расія. Аднак міністр спадзяецца на "прарыў" на рынкі Блізкага Усходу, Азіі, Амерыкі (у тым ліку, ЗША). На рынкі трэціх краін з пачатку года аб'ём экспарту вырас на 8%.
Фота: ria.ru