Беларусь у траўні адправіць зуброў "на экспарт" у Расію
Зубр / mlyn.by
Партыю беларускіх зуброў прывязуць у Башкартастан ужо ў траўні. Другую даставяць на пачатку восені. Пра гэта расійскаму агенцтву Sputnik заявіў прадстаўнік Башкартастана пры расійскім гандлёвым прадстаўніцтве ў Беларусі Канстанцін Клімін.
"Праведзеная вялікая праца, падрыхтаваная ўся дакументацыя па патрэбных нормах утрымання чырванакніжных жывёл. Навуковая супольнасць падрыхтавала план дзеянняў, якім чынам можна было б адаптаваць папуляцыю беларускіх зуброў у Башкартастане. Таксама абрана месца — гэта Мурадымаўская цясніна", — паведаміў Клімін.
У траўні ў Башкартастан плануецца завезці пяць зуброў, у верасні — трынаццаць. Расійскі бок мяркуе, што праз далейшае скрыжаванне ўдасца вывесці той від жывёлы, які будзе больш адаптыўны да ўмоў сярэдняй паласы Расіі.
Перадаць Башкартастану некалькі зуброў Беларусь пагадзілася ў сярэдзіне студзеня, тады ў Мінск з візітам прыязджаў кіраўнік гэтага расійскага рэгіёну Радый Хабіраў.
Кошт пакупкі не называецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.