Беларускага лёгкаатлета дыскваліфікавалі пажыццёва
Штурхальнік ядра Андрэй Міхневіч дыскваліфікаваны за ўжыванне забароненых прэпаратаў.
Так вырашыла Дысцыплінарная камісія Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва.
Галоўны трэнер нацыянальнай каманды Аляксандр Трашчыла ў каментары "Прессболу" паведаміў, што рашэнне было прынятае 20 траўня. Нагодай стаў паўторны факт парушэння Міхневічам антыдопінгавых правілаў.
Упершыню Міхневіча злавілі на допінгу ў 2001 годзе. Тады яго пакаралі двухгадовай дыскваліфікацыяй. Другі раз допінг-пробу выявілі ў аналізах Міхневіча, узятых на чэмпіянаце свету 2005 года ў Хельсінкі. Паводле новых правілаў допінг-пробы прызёраў, узятыя на топ-турнірах, захоўваюцца на працягу 8 гадоў і могуць быць пераправераныя з ужываннем новых методык. Менавіта такая працэдура стала для Андрэя фатальнай.
Паколькі парушэнне паўторнае, у адпаведнасці з Антыдопінгавымі правіламі прынята рашэнне пра пажыццёвае адлучэнне Міхневіча ад вялікага спорту. Аднак рашэнне яшчэ павінна быць зацверджана Міжнароднай федэрацыяй лёгкай атлетыкі.
Фота — erki.nl