Беларуская зборная вернецца з ЧС па хакеі на аўтобусе
Беларуская зборная напярэдадні прайграла камандзе Расіі з лікам 0:6 / Reuters
Беларускія хакеісты вернуцца дадому з Рыгі на аўтобусе, паведамляе агенцтва ТАСС са спасылкай на кіраўніка аргкамітэта чэмпіянату свету Эдгарса Бунцыса. Зборная напярэдадні прайграла расійскай камандзе з лікам 0:6 і завяршыла сваё выступленне на турніры.
"Паколькі ўведзеная забарона на палёты, зборная паедзе на аўтобусе", — сказаў Бунцыс. Ён таксама расказаў, што ў Рыгу беларускія хакеісты прыляцелі на самалёце.
У аргкамітэце турніру да апошняга спадзяваліся, што ўдасца арганізаваць і зваротны вылет у Мінск. Для гэтага, па словах Бунцыса, патрэбная была афіцыйная просьба з боку беларускіх уладаў, але запыт з Мінска так і не паступіў.
Пасля інцыдэнту з самалётам Ryanair большасць еўрапейскіх краін закрыла сваю паветраную прастору для самалётаў нацыянальнай авіякампаніі "Белавія" і адмовілася ад палётаў у Мінск. Авіязносіны з Беларуссю аказаліся абмежаваныя.
Нацыянальная зборная Беларусі на чэмпіянаце свету па хакеі не змагла выйсці з групы і заняла перадапошняе месца ў турнірнай табліцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.