Беларускі сілавік: Нашы спецслужбы праводзілі аперацыю на вакзале ў Маскве
На Ленінградскім вакзале расійскай сталіцы была спроба затрымання былога топ-менеджара Беларускай калійнай кампаніі.
Пра гэта паведаміла інтэрнэт-выданне "Беларускі партызан". Сцвярджалася, што з цягніка на Санкт-Пецярбург супрацоўнікі КДБ Беларусі знялі Ігара Яўстратава. Аднак расійскія паліцыянты і адвакаты яго "адбілі" ў іх.
Крыніца ў праваахоўных органах пацвердзіла агенцтву "Интерфакс-Запад", што беларусы спрабавалі затрымаць не намесніка гендырэктара па фінансах БКК Яўстратава, а начальніка фрахтовага аддзела Дзмітрыя Самойлава. "Прадпрымальнік накіроўваўся ў Санкт-Пецярбург. Калі ён сеў у цягнік, да яго ў купэ ўвайшлі невядомыя і аб'явілі, што ён затрыманы", — кажа "сілавік", прозвішча якога не называецца. Супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў вывелі Самойлава з цягніка на перон, дзе бізнесмена, сапраўды, "выратавалі" паліцыянты.
"Интерфакс-Запад" адзначае, што не мае афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі.
Нагадаем, гендырэктар "Уралкалія" Уладзіслаў Баўмгертнер быў затрыманы ў канцы жніўня ў Мінску, куды ён прыехаў на сустрэчу з прэм'ерам Міхаілам Мясніковічам. Месяц ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ, а пасля быў пераведзены пад хатні арышт на здымную кватэру ў беларускай сталіцы.
Крымінальная справа была распачатая не толькі супраць Баўмгертнера, але і некалькіх менеджараў Беларускай калійнай кампаніі. Апошнія паспелі выехаць з Беларусі ў Расію.
У КДБ інфармацыю "Беларускага партызана" ніяк не каментуюць.
Ва “Уралкаліі” не каментуюць спробу затрымання ў Маскве Ігара Яўстратава
Фота — AFP