Беларускім абітурыентам забаранілі падаваць дакументы адразу ў дзве ВНУ

Абітурыенты / Еўрарадыё, ілюстрацыйнае фота
Абітурыенты / Еўрарадыё, ілюстрацыйнае фота

Сёлета абітурыенты ў Беларусі не змогуць падаць дакументы ў дзве ВНУ адначасова. Пра гэта заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў.

Чыноўнік спаслаўся на правілы прыёму ў ВНУ. У іх згадваецца камплект дакументаў, які абітурыент павінен прадставіць у прыёмную камісію.

"Там дакладна прапісана, што ў прыёмную камісію павінен быць пададзены арыгінал дакумента аб адукацыі, арыгіналы сертыфікатаў ЦЭ і ЦТ. Таму падаць дакументы ў дзве ВНУ адначасова немагчыма",перадае БЕЛТА словы Пішчова.

Ён дадаў, падаваць дакументы абітурыенты могуць толькі асабіста. У апошні дзень прыёмныя камісіі ў ВНУ будуць працаваць да 18:00. "І ўсе, хто будзе знаходзіцца ў гэты час у сценах універсітэтаў, змогуць падаць дакументы. Ніхто не забараняе абітурыентам прыехаць да гэтага часу і прывезці свае дакументы ў патрэбную ВНУ", — падкрэсліў чыноўнік.

Дарэчы, міністр адукацыі Андрэй Іванец 16 сакавіка абяцаў, што абітурыенты змогуць падаваць дакументы для паступлення ў некалькі ВНУ адначасова. Ён рэкламаваў гэта як навацыю, якой не было ў папярэднія прыёмныя кампаніі.

"Будзе магчымасць паглядзець, дзе абітурыент праходзіць па балах. Абапіраючыся на гэта, варта вырашыць, куды несці дакументы. Ну альбо падаць адразу ў некалькі навучальных устаноў", — цытавалі дзяржаўныя СМІ словы міністра.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі