Цэнтралізаваны экзамен: на “рэпетыцыі” 100 балаў набралі 115 вучняў
Абітурыенты ў Беларусі / "СБ"
Сёлета ў Беларусі ўпершыню пройдзе выпускны іспыт, аб’яднаны з экзаменам у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Замену цэнтралізаванаму тэставанню назвалі цэнтралізаваным экзаменам (ЦЭ). Якім ён будзе?
У размове са “Звяздой” дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (РІКВ) Юрый Міксюк запэўніў, што структура і складанасць ЦЭ былі падабраны такім чынам, каб можна было ацаніць веды “як моцных навучэнцаў, так і не вельмі добра падрыхтаваных”.
“Там ёсць заданні чатырох узроўняў складанасці. Заданні пятага ўзроўню складанасці, якія часта ацэньваюць як набліжаныя да алімпіядных, выкарыстоўвацца не будуць. Усе заданні знаходзяцца на ўзроўні базавай школы і не выходзяць за рамкі школьнай праграмы. Вынікі рэпетыцыйнага тэставання паказалі, што навучэнцы могуць падрыхтавацца да тэстаў самастойна або ў класе з настаўнікам і паказаць дастаткова паспяховыя вынікі. 115 навучэнцаў атрымалі на “рэпетыцыі” 100-бальныя вынікі”, — распавёў ён.
Чыноўнік нагадаў, што патрабаванні на экзамене застаюцца жорсткімі: ніякіх сродкаў сувязі ў навучэнцаў быць не павінна, ды і ўвогуле нічога, акрамя патрэбнага для самога ЦЭ. Інакш вучня могуць выдаліць з аўдыторыі за парушэнне правілаў, тады ён ці яна страчвае магчымасць удзельнічаць ва ўступнай кампаніі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.