Алімпійцы мяняюць медалі на секс і паляць мэблю пасля выступу
Амерыканцы пішуць пра трэш атлетаў у Алімпійскіх вёсках, а Еўрарадыё распытвае беларускіх спартсменаў пра секс і алкаголь падчас Гульняў.
Амерыканскі спартовы тэлеканал ESPN пагаварыў са спартсменамі аб тым, чым яны займаюцца ў алімпійскай вёсцы. Напрыклад, там паведамляецца, што амерыканскага кідальніка дзіды Бро Грыга падчас Алімпіяды-2000 за дзень “наведалі” тры жанчыны: дзве алімпійкі і адна “цывільная”.
Амерыканскі плывец Раян Лохтэ кажа, што каля 70-75% спартоўцаў займаюцца сексам падчас Алімпіяды. І алкаголю там таксама хапае. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці давялося “пагудзець” на Гульнях беларускім алімпійцам.
У 2010 годзе шэсць спартсменаў з Германіі, Канады і Аўстрыі зладзілі оргію прама ў басейне на віле, якая знаходзіцца за межамі алімпійскай вёскі.
Амерыканская футбалістка Хоўп Сола распавяла, што была відавочцам любоўных забаваў практычна паўсюль – на вуліцы, на траве і г.д.
Гарналыжніца Кэры Шэйнберг ўзгадвае, як на Гульнях у 1994 годзе двое нямецкіх бабслеістаў прапаноўвалі ёй свае залатыя медалі ўзамен на “групавыя забавы”. Аднак яна “адшыла” іх, сказаўшы, што аддае перавагу залатому медалю Томі Мо.
На цырымоніі закрыцця Гульняў у Сіднэі адна аўстралійская каманда распаліла вогнішча і спаліла частку мэблі ў алімпійскай вёсцы.
“Не ведаю, як паўсюль, але краіны, якія слаба выступаюць, прыязджаюць на прагулку — яны ладзяць і на адкрыццё дыскатэку, і на закрыццё. Так, у іх там вельмі весела. Разумееце, калі едзеш бараніць гонар краіны, у цябе няма ў думках нейкіх разгульных тэм”, — сур’ёзна адказвае цяжкаатлет Андрэй Арамнаў, які ўзяў золата ў Пекіне.
Ён параўноўвае спартоўцаў з жаўнерамі, якія не могуць сябе паводзіць разбэшчана. Але прызнаецца: калі адвыступаўся, навейваецца нейкая рамантычнасць і існуе пэўная доля прыгодаў.
“Залатая” штурхальніца ядра 2000 года Яніна Правалінская-Карольчык крыху здзіўляецца, пачуўшы пытанне пра пагулянкі. Бо лёгкаатлетам, каб штурхнуць тое ж кап’ё, патрэбна каардынацыя і канцэнтрацыя. Паводле слоў спартсменкі, у вечарынах у алімпійскай вёсцы асабліва не паўдзельнічаеш, бо трэба паважаць партнёраў па камандзе, якія рыхтуюцца да сваіх выступаў. Хаця бывае, што маладыя сябе “паказваюць”.
Яніна Правалінская-Карольчык: “Усе неяк святкуюць. Асабліва моладзь, калі яны вырываюцца за мяжу, так сябе пачынаюць паводзіць. Дарослыя паводзяць сябе так, ведаеце, карэктна, а моладзь часам такое можа паказаць. Нават непрыгожа, калі пабачыць кіраўніцтва, начальнікі, чыноўнікі”.
Міхаіл Захараў, які ўзначальваў нашу хакейную каманду на Алімпіядзе ў Ванкуверы, кажа, што хакеісты дысцыпліны не парушалі:
“Першы раз чую такое. Мне падаецца сумнеўным, што такія рэчы могуць адбывацца: алкаголь і гэтак далей. Па-першае, людзі трапляюць на Алімпіяду, яны ставяць задачу не толькі ўдзельнічаць, але і выйграваць. Хаця, можа, нешта і было ў нейкіх каманд, але, прынамсі, у нашай дэлегацыі я такога не сустракаў”.
Калі хакеісты і іншыя спартсмены не “гуляюць”, то для каго арганізатары закупляюць па 100 тысяч прэзерватываў? Міхаіл Захараў прыгадвае нешта такое і ў Японіі і кажа, што гэта, хутчэй, з мэтай рэкламы.
Удзельніца лонданскіх Алімпійскіх гульняў Меліта Станюта сцвярджае, што акрамя выступу ні пра што думаць не даводзіцца. Асабліва ў яе спорце — мастацкай гімнастыцы, спаборніцтвы па якой праходзяць на Алімпіядзе перад самым закрыццём. Зноў жа: для каго набываюць прэзерватывы? У адказ смяецца:
“Не ведаю. Можа, вы не таму віду спорту патэлефанавалі?”
Каб патрапіць у “той від спорту”, тэлефануем Васілісе Марзалюк, якая ў Лондане ледзь не ўзяла бронзу ў барацьбе.
Васіліса Марзалюк: “Не ведаю, я не стаўлюся сур’ёзна да гэтага. Я вельмі сур’ёзна падыходзіла да Алімпійскіх гульняў, каб звяртаць увагу на такія рэчы. Можа быць, мы б пабачылі такое, але як у нас было: 10-га змагаліся, а 11-га ўляцелі. У нас нават не было часу нанесці нейкую “разведку”, груба кажучы (смяецца)”.
Васіліса кажа, што ведае шмат спартсменаў з добрым паўнавартасным жыццём, у якіх няма патрэбы “вырвацца кудысьці” і “адпаліць” у алімпійскай вёсцы.
Фота: businessinsider.com, БЕЛТА