Беларусы дагэтуль баяцца адпачываць за мяжой

Падчас крызісу беларусы сталі выязджаць за мяжу часцей. Бо хочуць паспець, пакуль не стала яшчэ горш. Пра асаблівасці беларускага турызму распавядае рэдактар штотыднёвіку "Туризм и отдых" Лілія Кобзік
Якія ўнікальныя месцы ёсць у Беларусі, у якіх мусіць пабываць кожны беларус ці замежнік?

Кобзік: Той момант, калі мы адкрывалі Беларусь, стаў трошкі анахранізмам. Пра гэта было актуальна размаўляць у дзевяностыя гады, а цяпер, у двухтысячныя — гэта ўжо не сучасна. Беларусь, дзякуй Богу, нейкім чынам уваходзіць у Еўропу. І гэта ўжо не тая Беларусь, што была раней. Мы больш не белая пляма: нас ведаюць.

Магчыма, гэта гучыць грубавата, але сёння Беларусь пераўтварылася — і ў добрым сэнсе, і ў дрэнным — у “прахадны двор”. У тое, чым яна і з’яўляецца па сваёй сутнасці насамрэч. Але не “прахадны двор”, дзе вецер свішча, а там, дзе ездзяць людзі, куды прыязджаюць турысты.

Хто і навошта прыязджае ў Беларусь? І наколькі гэта шмат людзей?

Мы не можам іх толкам злавіць і класіфікаваць. Міністэрства спорту і турызму следам за памежнікамі дае лічбу ў шэсць мільёнаў прыезджых. Шэсць мільёнаў! Гэта ў Турцыю столькі прыязджае... Што гэтыя людзі тут робяць? Можа, яны прыехалі паглядзець на якія-небудзь замкі? Можа, яны прыехалі пасядзець на нашых дыскатэках? Паглядзець на нашую прыгажосць, усім вядомую чысціню? Яны не структураваныя, не зразумелыя. І як гэтым карыстацца, мы пакуль што не вырашылі. Турфірмы даюць лічбу 90 тысяч арганізаваных турыстаў. Гэта гучыць больш рэальна.

Якое месца займае Беларусь у сусветным турыстычным працэсе?

Мы не сядзім больш у закрытай прасторы. Тут у добрым сэнсе “прахадны двор”, тут і перакрыжаванне культур, перакрыжаванне нейкіх еўрапейскіх працэсаў, якія незалежна ад таго, жадаем мы альбо не, пранікаюць у Беларусь. Але атрымлівацца так, што мы ўвесь час спазняемся. Мы бяжым за гэтым вагонам, спрабуем у яго сесці... Вось трэба проста дагнаць яго, сесці і паехаць. Калі ўвесь час даганяеш, гэта дрэнна, так нельга паказаць сябе.

Беларускі турызм застаўся сам-насам з крызісам

А якім чынам адбіваецца крызіс на беларускім турызме?

І Беларусь, і беларускі турызм застаўся сам-насам з крызісам. Мы апынуліся не ўпісанымі ў гэтую агульную сістэму каардынат — там, дзе дзейнічаюць тэхналогіі, буйныя міжнародныя аператары, якія маюць агромністыя гатэльныя базы і г.д.

У нас часта скардзяцца — чаму ў нас цэны такія? Вось я адпачывала ў Тунісе ці ў Турцыі... вось побач са мной плёскалася дама з Германіі альбо з Польшчы, і яна купіла за 300 долараў пуцёўку, а я прыехала за 1200. А атрымоўваем мы чамусьці ў тры разы менш. Што за несправядлівасць! Але там дзейнічаюць цалкам іншыя схемы, тэхналогіі. Там гэта плынь, канвеер, іншыя магчымасці. Нейкая ўпісанасць у агульную сістэму.

Я не магу сказаць, што мы зусім ужо на нейкіх задворках, што ў нас усё зусім глуха і нічога не адбываецца... Мы таксама ўпісваемся ў гэтую сістэму, але больш марудна за ўсіх астатніх.

Але ёсць жа і адваротны бок крызісу... Магчыма, беларусам стала занадта дорага выязджаць за мяжу, і цяпер мы станем больш падарожнічаць па Беларусі? Станем лепш ведаць свае родныя мясціны? Ці можа ўнутраны турызм выйграць ад крызісу, па аналогіі з таварамі? Сусветна вядомыя брэндавыя тавары сталі занадта дарагімі для беларусаў, і цяпер беларускі вытворца атрымаў шанец прасунуць і папулярызаваць свой тавар.

Тут логіка сапраўды ёсць. Але тут — як паглядзець... Напрыклад, санаторыі беларускія ўсе раскупленыя даўно і наперад. Яны ў дэфіцыце. Чаму? Таму што добрых мала.

Акрамя таго, мы не можам сказаць, што беларусы заточаныя адпачываць выключна далёка, на моры, з пераакліматізацыяй, дзе вакол ходзяць усходнія людзі... Не, мы таксама хочам адпачываць у сябе на радзіме. Таму што тут ёсць мясціны, мы тут, побач, мы дома. Мы можам у любы момант кінуцца на Нарач, як у тую ж Палангу.

Едзьце на Нарач альбо за Нарач летам: там такі трафік — ніякія Кушадасы не параўнаюцца! Бо тут добра, тут прывольна, камфортна, усе нас разумеюць. Тут я села з дзіцём на машыну і паехала. Нарач, Блакітныя азёры, Браслаўшчына... Цудоўны край! Але трэба падцягнуць стандарты, зрабіць усё акуратна, з улікам экалогіі. Таму што ўсё ёсць — засталося толькі падцягнуць да належнага ўзроўню.

Ёсць беларусы якія дагэтуль баяцца адпычываць за мяжой

Атрымліваецца, беларусы аддаюць перавагу адпачынку ў Беларусі?

Так, большасць беларусаў адпачывае ў Беларусі. Адныя толькі ведамасныя базы перакрываюць ўсё разам узятае. Таму што куды яшчэ дзявацца? Ну, не такія мы багатыя...

Дык што, гэта звязана выключна з дастаткам?

Не, гэта з усім звязана. У нас усё ж такі захаваўся клас людзей, якія баяцца выязджаць. Яшчэ далёка не ўсе людзі гатовыя выязджаць за мяжу. Хаця новы клас таксама сфармаваўся, але 15 год —  гэта яшчэ не тэрмін. Разумееце, як яшчэ не сфарміраваўся клас жанчын, якія ездзяць за рулём, так і тут... ён пакуль не сфармаваўся, але сфармуецца.

Як любяць адпачываць беларусы? Турызм па-беларуску — ён больш актыўны альбо пасіўны: пабегаць паглядзець альбо паляжаць пазагараць?

Шмат хто адпачывае так: адзін раз мора, Турцыя... Абавязкова беларускі санаторый, іх усяго некалькі ў нас, яны ўсім вядомыя, забраніраваныя, перабраніраваныя... Горныя лыжы. Вось, напрыклад, такі клас людзей сфарміраваўся. Няма такога, як раней — палатка, вуда і ўсё. Гэтага больш няма. Рынак адкрыў магчымасці

Тут атрымоўваецца нейкае замкнёнае кола. З аднаго боку, ёсць немаленькі попыт на адпачынак у Беларусі, але цалкам закрыць яго мы не можам, бо мы нават не разумеем дакладна, чаго хоча беларускі турыст. Ён ужо, здаецца, адвыкае ад думкі, што гэта толькі санаторый. Але да новага алгарытму паводзінаў падчас адпачынку мы пакуль не прызвычаіліся.

У Беларусь еўрапейскіх турыстаў можна прывабіць коштамі

Ці насамрэч такая ўнікальная Белавежская пушча? Альбо гэта міф, і ў Еўропе такога хапае?

Гэта бясспрэчна эксклюзіў! Усё астатняе ў параўнанні з Белавежскай пушчай проста блякне. Гэта самы стары лес у Еўропе. Частка знаходзіцца ў палякаў, частка ў нас. І палякі, дарэчы, гэтым вельмі добра карыстаюцца. Пад гэта выдзяляюцца вельмі добрыя грошы, таму што яго трэба захаваць. Мы ж не ведаем, што сёння насамрэч адбываецца ў Белавежскай пушчы.

А магчымасцяў там шмат, у тым ліку і для турыстаў, бо людзі прыязджаюць паглядзець. Ніякі агратурызм, нічога не параўнаецца з гэтай «цнатлівасцю».

Шмат турыстаў у Белавежскай пушчы і не трэба, бо яны ўсё патопчуць. Але калі мы гэта захоўваем, уся Еўропа ведае, што мы гэта захоўваем. І нас за гэта паважаюць! І турысты прыедуць. І прыедуць не толькі ў Пушчу, прыедуць паглядзець і ў Мінск, і ў Гродна. Бо Гродна — гэта горад-цукерка, ён цалкам адпавядае ўсім еўрапейскім стандартам, каб прывабліваць турыстаў. Там ёсць свая аўра.

Калі прайсціся па Беларусі, з поўначы на поўдзень, то мы паўсюль знойдзем тое, з чаго можна зрабіць цукерку, што ўжо з'яўляецца нашым козырам. Проста патрэбная ідэя. Ніхто ніколі не дасць вам грошы, калі няма ідэі. Людзі прыязджаюць дзеля чагосьці канкрэтнага, ім патрэбная нейкая матывацыя. І гэтую матывацыю лёгка стварыць у Белавежскай пушчы. І ў астатніх месцах таксама магчыма…

А што яшчэ, апроч Прыпяці, якую называюць «беларускай Амазонкай», у нас ёсць? І ці не з'яўляецца такое параўнанне штучным? Бо лагічна, што чалавек, каб пабачыць Амазонку, паедзе на Амазонку — а не ў Беларусь паглядзець на Прыпяць…

На кожны добры прадукт, на кожнае ўмела прапанаванае славутае месца знойдзецца свой пакупнік. Нельга казаць, што калі нейкая славутасць у Парыжы нашмат круцейшая, то ніхто ніколі не паедзе ў «беларускі Версаль» Нясвіж. Паедуць. Такія людзі знойдуцца. Я ўжо не кажу пра дзівакоў, якія прыязджаюць сюды з вельмі вузкімі мэтамі — напрыклад, паназіраць за птушкамі, ёсць і такія.

Так, у нас ніколі не будзе такіх масавых плыняў, як у Францыі, як у Турцыі. Мы проста павінны цвяроза на сябе паглядзець. Гэтая плынь будзе меншай, але гэта нашыя людзі, яны ўсё адно пакінуць тут грошы.

Бясспрэчна, Нясвіж — гэта не Версаль. Але калі мы робім з гэтага гарадка тое, чаго ён варты, захоўваем ягоны дух, а ў нас такіх гарадкоў маса, то і сюды паедуць турысты. З'ездзіце ў Паставы, напрыклад, у цэнтр, і вы адчуеце гэтае ні з чым непараўнальнае пачуццё. Так, недароблена, разбурана, развалена, мы не можам вызначыцца стылістычна, чаго мы хочам… Але калі гэта зрабіць, знойдзецца свой пакупнік. Натуральна, я не магу правесці карэктную аналогію паміж Гродна і Парыжам. Але будуць у Гродне турысты, хопіць на ўсіх. Чалавек паедзе ў Парыж пяць разоў, адзін раз прыедзе ў Гродна.

Ці можам мы згуляць на коштах, каб прывабіць турыстаў, калі ўжо якасна мы прайграем Еўропе?

Натуральна, што так. Між іншым, турызм — гэта заўсёды спалучэнне двух параметраў: цана і якасць. Прапануйце добрую якасць і спусціце трошкі ніжэй кошты. З еўрапейцаў, дарэчы, гонар трошкі збілі, яны сталі менш атрымоўваць, шукаюць новыя рынкі, дзе больш танна, таму трэба браць коштамі. Так, у нас не Парыж. Але прыедуць і да нас — так сама, як прыехалі турысты ў Рыгу, у Вільнюс. Мы можам прывабліваць цаной, добрай якасцю! Але спачатку трэба дабіцца якасці.

Якія яшчэ ёсць у Беларусі месцы, што можна зрабіць прывабнымі для турыстаў?

Напрыклад, на тым жа Палессі ёсць такая вёсачка Кудрычы: яна цяпер памірае, але яе нібыта збіраюцца выратоўваць. Гэта адзіная аўтэнтычная вёска ў Беларусі, дзе яшчэ захаваліся саламяныя дахі, дзе людзі жывуць на выспах, дзе цалкам захаваўся быт.

У прынцыпе, скажам, у Тунісе Берберскія пячоры ахоўваюцца, і туды возяць турыстаў. Але яны ахоўваюцца не толькі дзеля таго, каб туды вазіць турыстаў і здзіраць з іх грошы. Проста таму што так трэба. Трэба захоўваць такія рэчы. І калі б мы захоўвалі такія рэчы — іх, магчыма, і няшмат, але яны ёсць — то гэта таксама прываблівала б турыстаў...

А што тычыцца нашай славутай чысціні — ці прываблівае гэта турыстаў? Магчыма, людзі сюды б прыязджалі, каб паглядзець, як у нас чыста...

Тут няма нічога незвычайнага. Чыста паўсюль. Таму Беларусь і Еўропа: бо яна чыстая. Таму ў нас і чыста, што мы ў Еўропе. Гэта элементарна. Калі вы ўжо паедзеце куды-небудзь за Смаленск, вы там пабачыце зусім іншую карціну... Тут няма нічога дзіўнага.

З-за крызісу беларускі турызм нават падняўся!

Тое, што краіны-суседзі ўвайшлі ў Шэнгенскую зону, і цяпер віза стала каштаваць 60 еўра — як гэта адбілася на беларусах? Ці сталі радзей ездзіць у гэтыя краіны?

Тут ужо актуальнае іншае. Мы ўсё ж такі чакаем зніжэння коштаў на візы. Мы сур’ёзна на гэта разлічваем, а ўжо адны толькі чаканні стымулююць попыт.

Так, “Усходняе партнёрства” зніжэння коштаў на візы нам пакуль не дала. Віза засталася 60 еўра. Але сам клімат вакол Беларусі пацяплеў. Таму хтосьці, як грэкі, напрыклад, ідуць на тое, што робяць дзецям візы за 15 еўра. Гэта ўжо не 60. Хтосьці яшчэ ідзе на нейкія візавыя паслабленні...

Колькі адсоткаў ад сваіх прыбыткаў беларусы гатовыя аддаваць на адпачынак: што для іх больш важна — адпачыць ці купіць новы тэлевізар? І ад чаго падчас крызісу будуць хутчэй адмаўляцца беларусы — ад адпачынку альбо ад нейкіх дэлікатэсаў?

Месяцы два таму ўсе актыўна гадалі, ці адмовяцца беларусы ад турызму. Але на сёння зразумела, што народ ад турызму хутчэй за ўсё не адмовіцца з простай прычыны, што няма праблемаў з каўбасой. У беларусаў тут усё проста: калі б адбылася нейкая натуга з харчаваннем, то ні пра які турызм гаворка б не ішла.

А так мне падаецца, што на дадзены момант турызм у нас нават трошкі падняўся! Людзі паглядзелі: з самымі надзённымі патрэбамі праблемаў не аказалася — значыць трэба паехаць, бо можа ў апошні раз…

Але я па натуры скептык, я ўсё адно прагназую зніжэнне адсоткаў на 20, таму што заўсёды знойдуцца людзі, якія захочуць прыберагчы грошы. Але гэта не будзе кідацца ў вочы, таму што турфірмы пад гэта таксама закладуць менш праграмаў.

Так проста ад турызму народ наўрад ці адмовіцца. Але зніжэнне будзе, гэта натуральна, гэта як ва ўсім свеце. У нас ідуць тыя самыя працэсы, што і ва ўсім астатнім вялікім свеце, у Еўропе. Проста ў нас усё ідзе са спазненнем. А так усё, што будзе адбывацца ў астатнім свеце, будзе адбывацца і ў нас.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі