Беларусы на "МАЗе" былі другімі на 1-м этапе ралі-рэйда з Масквы ў Пекін
Экіпаж на чале з Сяргеем Вязовічам прыйшоў другім на невялікім участку-пралогу першага этапу ралі-рэйда "Шаўковы шлях — 2016", паведамляе БелаПАН. Гоншчыкі праехалі ліязон даўжынёй 850 км з Масквы да Казані, пасля чаго спаборнічалі ў хуткасці пераадолення двухкіламетровага пралогу. Арганізатары падрыхтавалі ім пясчаную трасу з трамплінамі, а хмарнае надвор'е (да прыезду гоншчыкаў прайшоў моцны лівень) стварыла дадатковыя складанасці для экіпажаў. Нягледзячы на кароткую дыстанцыю, не ўсе экіпажы ў класе пазадарожнікаў здолелі скончыць гонку самастойна.
"МАЗ" Сяргея Вязовіча праехаў трасу без якіх-небудзь цяжкасцяў за 1 хвіліну 54 секунды. Усяго на тры секунды яго апярэдзіў галандзец Марцін ван дэн Брынк на "Рэно", які і стаў лідарам заезду. Экіпаж на чале з Аляксеем Вішнеўскім пераадолеў трасу за 2 хвіліны 3 секунды і апынуўся на 9-м месцы. Экіпаж Аляксандра Васілеўскага прыехаў 14-м — участак з трамплінамі яму пакарыўся за 2 хвіліны 24 секунды.
Наступны этап прывядзе з Казані ва Уфу. Спецучастак працягласцю 136 км пройдзе па хуткіх грунтавых дарогах.
Беларуская каманда прывезла на ралі-рэйд тры аўтамабілі. Два з іх — новыя спорткары з сучасным рухавіком. Грузавікі атрымалі 12,5-літровыя маторы, створаныя чэшскай камандай Buggyra на аснове агрэгатаў Caterpillar.
Міжнароднае ралі "Шаўковы шлях" упершыню праходзіць па тэрыторыі адразу трох краін — Расіі, Казахстана і Кітая. Працягласць маршруту — 10 735 км, прычым прыкладна 40% шляху складаюць спецучасткі. У ралі-рэйдзе бяруць удзел 24 грузавікі і 100 пазадарожнікаў.