Беларусы пачалі святкаваць Новы год 1 студзеня за 100 год да Пятра I

У розныя часы мы адзначалі Новы год ў больш чым шэсць розных дат года
"Традыцыя святкавання Новага года 1 студзеня звязана з рымскім імператарам Юліем Цэзарам, які ў 45 годзе да нараджэння Хрыстова прапанаваў такім чынам адзначаць гэта як маладзік пасля зімовага сонцастаяння", — кажа старшыня аб'яднання "Гісторыка" Зміцер Рагачоў.

“Цікава, што яшчэ да падзела царквы на праваслаўную і каталіцкую ў XII стагоддзі ў беларусаў былі свае традыцыя святкавання: на захадзе Новы год сустракалі 1 студзеня, а на ўсходзе — 1 верасня", — працягвае Зміцер Рагачоў.

Пасля царкоўнага падзелу, праваслаўныя карысталіся візантыйскім календаром — Новы год адзначаўся 1 верасня. Гэта было прынята маскоўскім сінодам у 1492 годзе, бо лічыцца што 1 верасня гэта пачатак заснавання свету. Да таго ж з дахрысціянскіх часоў засталося святкаванне Новага года 1 сакавіка, што было звязана з пачаткам новага земляробчага года. Такім чынам, у Беларусі адзначалі два Новыя гады — паганскі і праваслаўны.

У XVI стагоддзі ВКЛ аб'ядналася з Польшчай у Рэч Паспалітую і патрапіла пад большы ўплыў каталіцтва. У 1583 годзе кароль Сцяпан Батура сваім загадам увёў новы Грыгарыянскі каляндар. Вось акурат тады Новы год у Беларусі афіцыйна і пачалі адзначаць 1 студзеня.

Але ў народзе ўсё роўна захавалася святкаванне 1 сакавіка. Да таго ж, традыцыйна праваслаўныя землі святкавалі Новы год 1 верасня. Такім чынам беларусы адзначалі адразу тры (!) Новыя гады.

Распаўсюдзіць традыцыю святкавання першага студзеня ў Беларусі дапамагло з'яўленне ўніяцкай царквы ў XVI стагоддзі, якая прыняла новы стыль.

Масковія ж святкавала Новы год спачатку 1 верасня. А потым Пётр I у 1700 годзе увёў святкаванне з 1 студзеня.

Чаму ж ніхто не ведае, што ў Беларусі святкаваць пачалі не ад Пятра? Гэта піяр, кажа Зміцер Рагачоў:

"У Расійскай імперыі Пётр I да чаго ні дакранаўся — усё мяняў. Усе пазітыўныя пераўтварэнне былі звязаныя з ім. Таму гэта раскручана, што ён выдаў гэты ўказ. Для Масквы гэта было новае, а для нас — не. Гэтая дата потым, калі мы патрапілі ў Расійскую імперыю, у нас пачала распаўсюджвацца, а ўсё заходняе выціскалася. Таму калі ў школах кажуць, што Пётр I увёў, то ўсе пачалі так і лічыць".

Старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка акурат на гэтую тэму пісаў доктарскую дысертацыю. Па яго словах, Новы год насамрэч у розныя часы адзначаўся ў больш як 6 (!) розных датаў.

Алесь Лозка: "Купалле — гэта таксама Новы год. Вось адтуль пачыналі лічыць. Але цяпер ў еўрапейскай літаратуры ўзгадваецца 6 новых гадоў, якія былі на тэрыторыі Беларусі. Яны называюцца каляндарнымі стылямі".


Каляндарны стыль студзеньскі — той, якім мы зараз карыстаемся.
Раждзественскі стыль — быў перыяд у гісторыі, калі новы год пачынаўся з 25 снежня.
Сакавіцкі стыль — калі новы год пачынаўся з першага сакавіка. Магчыма, з гэтым звязана гуканне вясны.
Благавешчанскі стыль — новы год адзначалі 25 сакавіка.
Вераснёўскі стыль — быў прыняты маскоўскім сінодам у 1492 годзе. Быў уведзены замест сакавіцкага. Ён ёсць і цяпер 14 верасня у праваслаўных календарах па новым стылі (гэта першага па старым) пачатак навалецця.
Таксама быў велікодны стыль.


Акрамя гэтых шасці стыляў, што згадваюцца ў літаратуры, Алесь Лозка выдзяляе яшчэ некалькі.

Новы год у Беларусі адзначалі і на Купалле. Царква лічыла гэта свята паганскім і нават увяла Пятроўскі пост, каб людзі на яго забыліся.

Некалі ж новы год пачынаўся і на Юр'еў дзень. Цяпер 23 красавіка ў праваслаўных (па новым стылі 6 траўня), у каталікоў — 24 красавіка.

Такім чынам новы год можна адзначаць некалькі разоў за год. Дык яшчэ кожны з новых гадоў можна адзначаць па старым і новым стылі. Як 1 і 14 студзеня.



Фота: gazetaby.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі