Белтэлерадыёкампанія сітуацыю пакуль ніяк не каментуе, але ўсё становіцца больш-менш зразумела, калі вывучыць афіцыйныя дакументы. Напрыклад, у спісе ўладальнікаў правоў трансляцый Лігі чэмпіёнаў на 2021-2024 гады няма Беларусі, тое ж самае — у спісе тых, хто будзе паказваць Лігу і Лігу Еўропы канферэнцый.
Абодва дакументы былі абноўленыя ў канцы жніўня, а дэдлайн на заяўкі для заключэння дамовы з УЕФА для Беларусі мінаў у другой палове чэрвеня. У дакументах таксама паказваецца, што продаж правоў трансляцыі ажыццяўляецца "ў адпаведнасці з прынцыпамі, усталяванымі Еўрапейскай камісіяй".
БТ афіцыйна не знаходзіцца пад санкцыямі (толькі кіраўніцтва кампаніі), таму адназначна сказаць, не захацела сама кампанія купляць правы або справа ў пазіцыі еўрапейцаў, нельга. Аднак, калі кампанія проста не паспела ці яшчэ знаходзіцца ў стадыі перамоваў, тэарэтычна падпісаць дамову можна і ў апошні момант.
А вось з чым дакладна будуць у беларусаў праблемы, дык гэта з чэмпіянатам свету па футболе 2022 года. Справа ў тым, што ў Еўропе правамі на яго трансляцыю загадвае Еўрапейскі Вяшчальны Саюз. Сяброўства БТ у ЕВС было замарожана пасля шырокай грамадскай кампаніі.
У выніку ТБ засталося не толькі без "Еўрабачання", але і без многіх спартыўных мерапрыемстваў. Напрыклад, амаль усе спаборніцтвы па біятлоне таксама транслююцца ЕВС. І ў бягучай сітуацыі беларусы наўрад ці ўбачаць многія з іх — ва ўсякім выпадку, у эфіры БТ.