Bellingcat правярае версію, што Боінг быў збіты ракетай з ЗРК "Тор"

Bellingcat правярае версію, што Боінг быў збіты ракетай з ЗРК "Тор"

Расследвальніцкая сетка Bellingcat правярае версію, што ўкраінскі Боінг у Тэгеране быў збіты з зенітнага ракетнага комплексу (ЗРК) "Тор", піша УНІАН. У інтэрнэце з'явізся здымак галоўкі ракеты, якую нібыта знайшлі на месцы авіякатастрофы. На здымак звярнуў увагу заснавальнік інтэрнэт-выдання Bellingcat, брытанскі журналіст-расследвальнік Эліёт Хігінс.

Здымак з галоўкай ракеты апублікаваў у Twitter карыстальнік пад імем Ashkan Monfared. У сваім допісе ён так пракаментаваў: "Гэты фрагмент знойдзены на месцы крушэння ўкраінскага пасажырскага самалёта, які ўпаў перад домам мясцовага жыхара. Хіба самалёт так выглядае? Хіба гэта не ракета?".

Брытанскі журналіст адзначае, што паходжанне фатаграфіі яшчэ неабходна праверыць. Хігінс прызнае, што выявіць першакрыніцу кадра на аснове звестак геалакацыі будзе цяжка. Аднак Bellingcat, па яго словах, праверыць версію пра магчымую атаку на самалёт з ЗРК "Тор". 

"Мы разгледзім апошняе вядомае месцазнаходжанне самалёта (у паветранай прасторы) і адлегласць да яго ад іранскіх ваенных баз, і паглядзім, ці знаходзіўся ён у радыусе дзеяння сістэм "Тор". Гэта не залежыць ад праверкі сапраўднасці адлюстравання", — дадаў журналіст. Пры гэтым ён падкрэслівае, што сапраўднасць здымка неабходна правяраць. 

Паводле адкрытых даных, іранскае войска мае на ўзбраенні 29 ЗРК "Тор-М1" расійскай вытворчасці. Апошні з гэтых комплексаў Іран атрымаў у студзені 2007 года.

Украінскі "Боінг" кампаніі МАУ разбіўся пасля вылету з аэрапорта Тэгерана 8 студзеня. Пры гэтым загінулі 167 пасажыраў і 9 чальцоў экіпажа. Большасць пасажыраў былі грамадзяне Ірана і Канады. 

Папярэдняй версіяй іранскія спецыялісты назвалі загаранне рухавікоў самалёта. Пазней Іран заявіў, што не выдасць "чорныя скрыні" самалёта, знойдзеныя на месцы крушэння, і будзе вывучаць іх самастойна. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі