БХД можа трапіць у Кнігу рэкордаў Гінэса па колькасці спробаў рэгістрацыі
Пры гэтым сябры арганізацыі не маюць ілюзіяў наконт таго, што змогуць легалізавацца.
Cябры аргкамітэту “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” зрабілі пятую спробу зарэгістраваць партыю.
Пакет дакументаў для рэгістрацыі падалі ў Мінюст 13 ліпеня. Як паведаміў у інтэрв’ю БелаПАН сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі, сябры арганізацыі не маюць ілюзіяў наконт поспеху гэтай спробы, бо ніякіх сігналаў пра тое, што сітуацыя змянілася, цяпер няма. Тым не менш яны робяць спробу рэгістрацыі, каб падкрэсліць, што хрысціянскія дэмакраты хочуць працаваць легальна.
Дзякуючы падачы дакументаў у Мінюст, арганізацыя зможа 3-4 месяцы існаваць у паўлегальным статусе. Апроч таго, актывісты БХД не адмаўляюцца ад ідэі падаць заяўку на ўключэнне партыі ў Кнігу рэкордаў Гінэса па колькасці адмоваў у рэгістрацыі.
Папярэдняя, чацвёртая спроба рэгістрацыі партыі адбылася ў снежні 2011 года.