Блогер знайшоў кітайскі ноўтбук, які дзіўна падобны на беларускі H-book
Лукашэнка пахваліўся беларускім ноўтбукам. Але ўсё ж беларускі ці фальшыўка, зробленая ў Кітаі? / president.gov.by
Кітайскі лэптоп itel Spirit 2 "па жалезе" — "поўны аналаг беларускага" H-book ад "Гарызонт", які прэзентаваў 1 верасня 2022 года Аляксандр Лукашэнка. Да такой высновы ў сваім аглядзе прыйшоў блогер Wylsacom, заўважыла "Люстэрка".
— Усё тое ж самае па характарыстыках. Гэта Intel Core i3, 256 [гігабайт] SSD, восем гігабайт аператывы, — кажа Wylsacom.
Знешні выгляд ў беларускага і кітайскага ноўтбукаў таксама аднолькавы.
— Адзін у адзін. Зразумелая справа, што няма выдатнай літары "Н". Тут брэнд "itel". З пункту гледжання задняга вечка, раздымаў, усіх астатніх элементаў — гэта той жа самы кампутар. І сабраны ён дакладна гэтак жа. У яго тая ж клавіятура, тая ж налепка на корпусе, тая ж надпіс DTS.
Wylsacom разабраў ноўтбукі і прыйшоў да таго, што ўнутры яны таксама вельмі падобныя.
— Гэта адна платформа, але ёсць такое пачуццё, што або яны заказваюцца з розным трошкі напаўненнем, або яны праўда збіраюцца на заводзе "Гарызонт", — сказаў Wylsacom.
Адрозненні ёсць у "начынні". Itel Spirit 2 працуе на аперацыйнай сістэме Linux, а H-book — на Windows 11.
Пры аднолькавым "жалезе", вялікая розніца ў кошце ноўтбукаў. Wylsacom кажа, што itel Spirit 2 у інтэрнэт-краме каштуе 29 990 расійскіх рублёў ($420), а беларускі H-book — 43 000 расійскіх рублёў ($620).
— "Вінда" варта прыстойных грошай. Вядома, не 13 тысяч рублёў, але прыстойных грошай... яшчэ незразумела, у якім выглядзе яны гэта на заводзе "Гарызонт" збіраюць. Наколькі гэта буйнавузлавая зборка…
Тут нейкі працэнт беларускіх запчастак прысутнічае. Як мінімум блок сілкавання. Як максімум — можа быць яшчэ нешта яны тут з свайго паставілі. Зразумела, што не памяць, не SSD, але, можа нешта. Як бы вы ні пырскалі сліной, у мяне няма негатыву да гэтага прадукту. За 43 тысячы [расійскіх] рублёў — гэта вельмі-вельмі неадэкватны прайс. Трыццатка за кітайца — гэта цалкам ок, але без Windows, — кажа на заканчэнне Wylsacom.
На прэзентацыі ноўтбука Аляксандр Лукашэнка расказаў аб яго стварэнні: "Пошаталіся па свеце і стварылі". Пры гэтым беларускага, па яго словах, там усяго 12%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.