Больш за 80% расійскіх медалістаў і чэмпіёнаў свету падазраюць у допінгу

Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) выказала вялікую занепакоенасць з нагоды таго, што журналістам трапілі вынікі допінгавых пробаў, якія паказваюць на магчымае масавае выкарыстанне забароненых прэпаратаў у лёгкай атлетыцы.

Нямецкая тэлерадыёкампанія ARD/WRD і брытанская газета Sunday Times атрымалі доступ да 12 тысяч узораў крыві, узятых у 5000 спартсменаў, інфармуе BBC. Аналіз гэтых пробаў сведчыць пра неверагодны маштаб махлярства спартоўцаў.

Па выніках аналізу паведамляецца, што аналізы больш як 800 атлетаў (кожнага сёмага з атрыманай базы даных) паказалі высокую верагоднасць ужывання допінгу або па меншай меры анамальны вынік. На Алімпіядзе 2012 года ў Лондане 10 медалёў былі заваяваны спартсменамі з вельмі падазронымі паказчыкамі крыві, а на некаторых міжнародных спаборніцтвах апошняга дзесяцігоддзя анамальныя вынікі паказалі ўсе тры спартоўцы, якія занялі прызавыя месцы.

Расію эксперты назвалі "допінгавым цэнтрам свету". Яны заяўляюць, што больш за 80% усіх медалёў, заваяваных расіянамі на міжнародных спаборніцтвах, былі выйграныя спартоўцамі, якія ў той ці іншы перыяд сваёй кар'еры паказвалі падазроныя вынікі аналізаў. 18 "падазроных медалёў" на рахунку ў кенійскіх атлетаў.

Расійскі міністр спорту Віталь Мутко назваў з'яўленне гэтых матэрыялаў элементам барацьбы за ўладу ў Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый.

Фота: obozrevatel.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі