Браты Запашныя збіраюцца дрэсіраваць беларускіх зуброў? Запыталі ў цырку

“Цырк Запашных — не месца для беларускага зубра”

“Цырк Запашных — не месца для беларускага зубра” / @rubanau_collage

“Цырк Запашных — не месца для беларускага зубра!” — абураюцца беларускія экаактывісты. Яны выказваюць катэгарычнае “не” намеру аднаго з братоў-дрэсіроўшчыкаў паставіць нумар з насельнікам Белавежскай пушчы.  

У чым рэч? Мастацкі кіраўнік Вялікага Маскоўскага цырка Аскольд Запашны ў пачатку лета прыехаў у Беларусь з рабочым візітам — на закупку беларускіх натуральных кармоў для жывёл. Пра знакамітага госця “з самой Расіі” ганарліва пісалі дзяржаўныя медыя.

Апроч іншага, дрэсіроўшчык паведаміў, што мае намер з'ездзіць у Белавежскую пушчу, каб прыгледзецца да беларускіх зуброў:  

“Мы ўвесь час імкнёмся дзівіць публіку разнастайнасцю відаў жывёл. У Вялікім Маскоўскім цырку ў нас працуюць ластаногія, марскія львы, сівучы, львы, хатнія жывёлы, вожыкі, пацукі і іншыя, самыя нечаканыя жывёлы для цырка. Цяпер выхоўваем слана, а брат нядаўна прапанаваў стварыць нумар з зубрамі. Размаўляў з беларускімі спецыялістамі, якія абяцалі звазіць у Белавежскую пушчу. Не выключаю, што найбліжэйшым часам і такая калабарацыя здарыцца”.

Грамадскае аб'яднанне абароны жывёл “Эгіда” піша, што гэта недапушчальна:

“Быць першапраходцам цікава і павабна. І, напэўна, прыбыткова. Але разам з тым мы лічым, што прафесіяналы пры жаданні рэалізацыі сваёй ідэі цікавіліся б меркаваннем навакольных, тым больш грамадзян Беларусі, дзе зубр занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, дзе да яго ставяцца паважліва, бо зубр — сімвал нашай краіны”.

Браты Запашныя збіраюцца дрэсіраваць беларускіх зуброў? Запыталі ў цырку
Зубры ў Белавежскай пушчы / alexio-marziano.livejournal.com

Каб разабрацца ў сітуацыі, экаактывісты напісалі звароты ў Міністэрствы культуры, лясной гаспадаркі, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, спорту і турызму. А пакуль яны чакаюць адпіскі ад чыноўнікаў, мы самі звязаліся з Вялікім Маскоўскім цыркам.

Вось што на пытанне пра зуброў нам адказала кіраўніца аддзела па сувязях з грамадскасцю Яўгенія Бурлакова:

“Пра гэта пакуль гаворкі ўвогуле не было. Увогуле нічога такога яшчэ не гучала. Ні разу пра зуброў у нас тут не чула. І ніхто (смяецца. — Еўрарадыё), думаю, таксама не чуў”. 

Здаецца, намер Запашных выдрэсіраваць зубра быў крыху перабольшаны. Але ж ім нішто не замінае вярнуцца да гэтай ідэі. 

Ці можна ў Беларусі набыць зубра? 

Хоць зубры ў Беларусі і занесеныя ў Чырвоную кнігу, але паводле закона паляваць можна на так званы рэзервовы генафонд, то-бок на старых і хворых жывёл. Менавіта з такіх жывёл летась пачалі рабіць… каўбасу.

Браты Запашныя збіраюцца дрэсіраваць беларускіх зуброў? Запыталі ў цырку
Каўбаса з зубра / koko.by

Паляўнічыя могуць купіць пуцёўку з дазволу спецыяльнай камісіі. Супрацоўнікі Нацпарку “Белавежская пушча” на месцы паказваюць, на якога зубра можна паляваць.

У Беларусі, дарэчы, усталяваны мінімальны лімітавы кошт паляўнічых пуцёвак, дазволаў на здабычу паляўнічай жывёлы і пуцёвак да іх, а таксама прадукцыі палявання. Станам на мінулы год кошт дазволаў на здабычу сяголетак з рэзервовага фонду (зубр узростам 10-11 месяцаў) складае ад 800 рублёў. На маладняк ад аднаго да двух гадоў — 2500 руб. На дарослага нетрафейнага зубра — ад 5000 руб. Такія расцэнкі дзейнічаюць для грамадзян Беларусі і краін Еўразійскага эканамічнага саюза (Арменія, Расія, Казахстан, Кыргызстан).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі