Брэсцкія ўлады не бачаць неабходнасці абмяркоўваць правы чалавека
Брэсцкія ўлады не бачаць неабходнасці праводзіць "круглы стол", прысвечаны 67-й гадавіне прыняцця Дэкларацыі правоў чалавека.
З ініцыятывай такога "круглага стала" 10 снежня, у Дзень правоў чалавека, выступіла Брэсцкая гарадская арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Сацыял-дэмакраты прапанавалі правесці дыскусію з удзелам прадстаўнікоў улады, палітычных партый, грамадскіх арганізацый, а таксама праваабаронцаў і праваахоўнікаў. Планавалася, што падчас "круглага стала" будуць абмяркоўвацца праблемы правоў чалавека, актуальныя для Брэста. Напрыклад, права на мірныя сходы, права на свабоду слова і друку, права ўдзелу грамадзян у мясцовым кіраванні.
Сацыял-дэмакраты накіравалі зварот у Брэсцкі гарвыканкам і Брэсцкі гарсавет. Адказ уладаў на зварот партыйцаў пракаментавала Еўрарадыё Ганна Канюс, старшыня Брэсцкай гарадской арганізацыі БСДП.
Канюс: “Гэта мусіла быць дыскусія, круглы стол паміж уладамі і прадстаўнікамі грамадскасці. На жаль, Брэсцкі гарвыканкам і Савет дэпутатаў нам адказаў, што не бачыць неабходнасці ў правядзенні такога агульнага стала, таму што кожны год праводзяцца навуковыя канферэнцыі на гэтую тэматыку. І гэтая тэма, на погляд уладаў, неактуальная для Беларусі”.
Навуковыя канферэнцыі з удзелам прадстаўнікоў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна сапраўды праходзілі апошнія некалькі год. Аднак, па словах Канюс, праблемы з правамі чалавека трэба абмяркоўваць не толькі з навуковага пункту гледжання, але і ў фармаце, які прапанавалі сацыял-дэмакраты.