БТ не дазволіла Саладуху ўдзельнічаць у Еўрабачанні (відэа з песняй)
Пра намер Аляксандра Саладухі ўдзельнічаць у нацыянальным адборы на Еўрабачанне стала вядома літаральна ў апошнюю хвіліну. Па словах спевака, ён доўга не мог падабраць песню для ўдзелу ў гэтым конкурсе. Але ў выніку з дапамогай сябра Алега Елісеенкава спыніўся на творы “Чорныя крумкачы”.
“Уся краіна хоча, каб я ўдзельнічаў, уся краіна. Кожны дзень мне пра гэта кажуць. Нельга адмовіць”, — расказвае Аляксандр Саладуха.
Аднак раніцай 25 лістапада, літаральна за дзень да адкрытага праслухоўвання, Аляксандру пазванілі з тэлебачання і паведамілі сумныя навіны. “Паведамілі мне, што не дапушчаны да конкурсу. Аказваецца, гэтая песня ўжо гучала (па правілах Еўрабачання, удзельнічаць у ім могуць толькі новы песні). Аўтары мяне не папярэдзілі… У расійскага выканаўцы яна была. А з новай песняй ужо нельга, нельга”, — зусім нявесела расказвае Саладуха.
У Белтэлерадыёкампаніі Еўрарадыё сумную гісторыю Аляксандра Саладухі пацвердзілі. “Гэтая песня ўжо выкарыстоўвалася. Можаце самі на Ютубе паглядзець”, — кажуць там.
Адрозненне сёлетняга адборачнага конкурсу на Еўрабачанне ў тым, што выбіраць удзельніка ад Беларусі будуць выключна гледачы, раней гэта рабіла прафесійнае журы. Беларускі фінал пройдзе не пазней за 25 студзеня 2016 года. Агульнаеўрапейскі фінал — у траўні ў Стакгольме.