Булатнікаву — калонка ад Калмыкова, Мышкевічу — партрэт ад Вольскага
У гонар Дзён нараджэння Trubetskoy граў хіты і наліваў публіцы.
У мінскім бары "ДК" гучаць знаёмыя да болю "Яблони", "Принцеса" ды "Снежная королева". Слэм пад сцэнай пераходзіць у медлякі. 9 ліпеня гурт Trubetskoy у вузкім коле сяброў і фэнаў святкуе Дні нараджэння свайго фронтмэна Паўла Булатнікава і басіста Алеся-Францішка Мышкевіча.
"Мне ў гэтым годзе споўнілася 30 гадоў. Я думаў, мне машыну падораць, але не, дораць партрэты, — прызнаецца вясёлы Алесь. — Падарылі 5 партрэтаў! Валодзька Пугач падарыў мой партрэт. Ну, усе ведаюць Валодзьку Пугача! Але не ўсе ведаюць, што Лявон Артуравіч Вольскі — неверагодны мастак! Намаляваў мяне ў выглядзе партызайца са шмайсерам. Мае сябры, з якімі я сябрую 26 гадоў, падарылі мне эксклюзіўную цішотку, дзе мы сядзім утрох — Атос, Партос, Ааміс".
Паўлу Булатнікаву — 43! Яўген Калмыкоў, прадзюсар гурта, напрыклад, прэзентам для сябра выбірае неабходную ў наш час рэч!
"Калмыкоў мне падарыў калонку (бачыш, вунь стаіць), якую можна павесіць на рэмень, падлучыць мікрафон, уставіць флэшку, уключыць фанеру і ісці па пляжы, але не прадаваць кукурузу, а спяваць "Калі яблыні расцвітуць" (спявае), — хваліцца Павел ужо пасля канцэрта. — А прыхільнікі падарылі калаж, у якім усё маё жыццё. Людзі знайшлі недзе фота з маімі першымі крокамі... назавем гэта ў шоў-бізе: там дуэт "Ліцэй", ляпісаўскія раннія фота, сучасныя фота. То бок, усё жыццё на адной карціне. Вельмі прыемна. Я яе абавязкова павешу ў кватэры".
Канцэрт праходзіць пад лозунгам "Граем тое, што падабаецца нам". На экране пасярод залы з'яўляецца спіс песень, з якіх можна замовіць любую. Жадаючыя падыходзяць са шклянкамі. Кладуць у кацялок Булатнікава грошы, замаўляюць. Ім наліваюць сто грамаў віскара з вялізнай шматлітровай пляшкі. І музыкі спяваюць. Шмат жартуюць. Кажуць, што сёння "ДК" — гэта такі стол, за якім сядзяць сябры, яны шмат гавораць і разам спяваюць песні. Тут жа на сцэне збіраецца хор, які дружна заводзіць "В платье белом". З'яўляюцца былыя ўдзельнікі "Ляпісаў" — Віталь Драздоў, Дзмітрый Спірыдовіч, а таксама стройныя бландынкі, Анжаліка і Наста, якія некалі былі на падтанцоўцы ў гурта "Ліцэй", дзе Павел Булатнікаў выступаў разам з Ягорам Стражэвічам. А яшчэ бубнач "Серебряной свадьбы" Арцём Залескі, з барабанам, натуральна. І пачынаецца амаль джэм.
"На маё 17-годдзе сябра-бубнач Алан угнаў для мяне аўтамабіль. Была міліцыя і ўсё такое, але гэта было неверагодна! І ў той жа дзень я сабе яшчэ моцна рассёк пятку", — узгадвае самы запамінальны Дзень народзінаў Мышкевіч. Цікава, што ў Булатнікава на 25-годдзе таксама былі разборкі з міліцыяй:
"Самы незвычайны дзень нараджэння ў мяне быў на 25-годдзе — мы яго адзначалі на Мінскім моры. Але калі мы вярталіся дадому, уся тусня была затрыманая і апынулася ў Ждановіцкім РУУС, дзе правяла цэлую ноч. Нас выпусцілі толькі раніцай. Самае смешнае, што брала нас усё РУУС са стрэламі ў паветра і крыкамі "ляжаць!". Апынулася, што яшчэ па дарозе на возера мы сустрэлі не вельмі цвярозых супрацоўнікаў РУУС, якія ехалі на рыбалку і падрэзалі нашых сяброў. Мы за іх заступіліся. Пачалася "перапалка". Туды-сюды. Яны вярнуліся на працу. І ўжо ўсё аддзяленне прыехала браць нефармалаў, якія "твараць нейкі беспрыдзел".
Першая частка канцэрта заканчваецца замовай прэс-аташэ гурта Аляксандра Бергера — "Трубяцкія" выконваюць песню, якая яшчэ не выконвалася ў Беларусі, "Гэтым разам". Аляксандр падкрэслівае, што перад публікай новы гурт, які піша свае новыя песні. У другой, хуценькай частцы, музыкі замацоўваюць эфект вясёлага застолля і разыходзяцца на аўтограф-сесіі. Алесь Мышкевіч кажа, што ўжо чакае наступнага Дня нараджэння ў такім жа фармаце сяброўскай пасядзелкі. Паўлу Булатнікаву таксама падаецца, што ўсё атрымалася.
"Многія могуць папракнуць нас за алкагольную вечарынку. Але ў Беларусі так заведзена адзначаць Дзень нараджэння. Гэта крута, калі да цябе ў грымёрку заходзяць людзі са шклянкамі, і можна вось так вось, пагаварыць".
Вечарынка, прымеркаванаяя да Дзён нараджэння Булатнікава і Мышкевіча, адбываецца практычна ў закрытым фармаце. А ўсе 75 квіткоў (музыкі вырашылі, што гэта самая аптымальная лічба для камфортнага свята) разлятаюцца за адзін дзень.