Чаму прэзідэнт не называе тых, каго памілаваў?

Еўрарадыё даведалася, якія ўказы прэзідэнта ніколі не публікуюцца Як высветлілася, далёка не ўсе дэкрэты і ўказы прэзідэнта даводзяцца да ведама грамадскасці — вывешваюцца на афіцыйных сайтах ды друкуюцца ў дзяржаўных СМІ. Да прыкладу, так ніхто і не пабачыў указ аб памілаванні Аляксандра Казуліна. Еўрарадыё вырашыла даведацца, чаму і што з падпісанага кіраўніком дзяржавы не трапляе на вочы грамадзянам краіны.

Намесніца кіраўніка Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Людміла Парфёнава прызналася Еўрарадыё, што адказаць на гэтае, падавалася б, простае пытанне даволі складана. Кажа, існуе вялікая колькасць законаў і дэкрэтаў на той конт — што можна публікаваць, а што не.

Людміла Парфёнава: “Гэта не такое ўжо і пытанне простае. Я вам так адразу не скажу адну норму. Гэта і дэкрэт 22 “Аб парадку публікавання” і закон “Аб нарматыўна-прававых актах”. Ёсць і заканадаўства іншае, якое тычыцца парадку распаўсюду інфармацыі абмежаванага доступу. Напрыклад, дзяржаўныя сакрэты. Гэта шмат вельмі! У мэтах абароны правоў грамадзян, у мэтах абароны маральнасці насельніцтва. У нас вельмі шмат ёсць абмежаванняў на распаўсюд інфармацыі. А інфармацыя — гэта ўсё!”

Паводле слоў юрыста Гары Паганяйла, сапраўды існуе шэраг дакументаў, якія альбо з’яўляюцца сакрэтнымі, альбо іх публікацыя не абавязковая. Напрыклад, гэта тычыцца арганізацыйна-кадравых дакументаў з прызначэннямі на пасаду. Сакрэтнымі ж з’яўляюцца тыя, якія маюць значэнне для ваеннай, нацыянальнай альбо эканамічнай бяспекі краіны.

Гары Паганяйла: “Прэзідэнт з’яўляецца галоўнакамандуючым і забяспечвае каардынацыю сілавых структур. Непасрэдна яму падпарадкоўваюцца старшыня КДБ, міністр унутраных спраў, начальнік памежных войск і г.д. Указы, якія датычацца арганізацыйнага кіраўніцтва, прававога рэгулявання сферы гэтых сілавых структур, калі яны не закранаюць правоў і свабод грамадзян — яны могуць не публікавацца. І хоць усе яны знаходзяцца ў Нацыянальным рэестры нарматыўна-прававых актаў, але з указаннем: “Не падлягае публікацыі”. І ён не даводзіцца да ведама грамадзян, юрыдычных асоб. Бо на іх дзейнасць гэтыя акты не распаўсюджваюцца”.

Але тое, што да ведама грамадзян не даводзяцца ўказы прэзідэнта аб памілаванні, юрыст лічыць перавышэннем прэзідэнтам паўнамоцтваў.

Гары Паганяйла: “Па тых справах, па якіх выносіцца памілаванне, ёсць публічныя прысуды. І тут, я мяркую, прэзідэнт злоўжывае сваім становішчам, не публікуючы гэтыя ўказы. Відаць, ён баіцца патрапіць пад крытыку за тую пераборлівасць, калі ён вырашае: каго памілаваць, а каго караць смерцю”.

Па тлумачэнні гэтай акалічнасці Еўрарадыё звярнулася да намесніка старшыні камісіі па памілаванні пры Адміністрацыі прэзідэнта Ўладзіміра Бойкі. Але той ухіліўся ад адказу.

Уладзімір Бойка: “Гэтае пытанне не да мяне, а да Адміністрацыі прэзідэнта”.

Згодна са словамі прэс-сакратара прэзідэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі Юліі Тарговец, у іх таксама існуе шэраг падпісаных кіраўніком дзяржавы дакументаў, якія з’яўляюцца сакрэтнымі. Але ў сваёй пераважнай большасці гэта тычыцца рашэнняў, прынятых Саветам нацыянальнай бяспекі. Указы аб памілаванні ж на Украіне, паводле яе слоў, друкуюцца абавязкова. Бо толькі пасля публікацыі афіцыйны дакумент набывае моц.

Юлія Тарговец: “Савет нацыянальнай бяспекі разглядае пытанні — гэта можа быць энергетыка альбо пытанні барацьбы з карупцыяй — і ўсе рашэнні Нацбеза з’яўляюцца сакрэтнымі. Але як могуць быць сакрэтныя аб памілаванні? У нас указ прэзідэнцкі набывае моц пасля публікавання. Адпаведна, усе такія ўказы абсалютна адкрытыя”.

Фота:  www.newsss.net 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі