Чарговы абмен палоннымі: ва Украіну вярнуліся 108 жанчын
Украінкі, вызваленыя з палону / Бі-Бі-Сі
17 кастрычніка падчас чарговага абмену палоннымі Расія ўпершыню перадала Украіне толькі жанчын. Іх было 108 чалавек, пераважна гэта жанчыны-вайскоўцы.
Пра абмен паведаміў у сацсетках кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак: "Чарговы маштабны абмен палоннымі ўдалося правесці сёння. Асабліва эмацыйны і сапраўды асаблівы — мы вызвалілі з палону 108 жанчын".
Па яго словах, сярод вызваленых 11 афіцэраў, 85 шарагоўцаў і сяржантаў, а таксама 12 цывільных, прычым 37 з іх – гэта эвакуяваныя з "Азоўсталі". Самай старэйшай з вызваленых жанчын 62 гады, самай маладой — 21 год.
Паведамляецца, што сярод вызваленых былі жанчыны, якія трапілі ў палон яшчэ да сёлетняй расйіскай агрэсіі. Яны сядзелі з 2019 года ў так званых "ДНР" і "ЛНР", як піша Ярмак, за "занадта праўкраінскую пазіцыю" (перавозку гуманітарнай дапамогі для дзяцей-сірот), і па абвінавачваннях у шпіянажы і тэрарызме.
Мінабароны Расіі паведаміла, што Кіеў перадаў 110 расійскіх грамадзян, сярод якіх 72 расійскія матросы з грамадзянскіх караблёў.
Таксама расійскі бок паведаміў, што дзве жанчыны вяртацца ва Украіну адмовіліся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.