“Чарнобыльскі шлях” у Курапатах: арганізатары патлумачылі, чаму туды

“Улічваючы тое, што карані ўсіх трагедый апошніх стагоддзяў ляжаць на плячах таталітарнага ладу, які і цяпер ляжыць на краіне, то сёння вельмі актуальна ўшанаваць памяць рэпрэсаваных ахвяраў”, — тлумачыць лідарка “Маладых хрысціянскіх дэмакратаў” і заяўніца акцыі Марына Хоміч сэнс ідэі нагадаць пра чарнобыльскую трагедыю паходам да месца масавых расстрэлаў 30-х гадоў.

І дадае, што новы маршрут дазволіць далучыцца да акцыі новым людзям, якія ўбачаць шэсце з вокнаў сваіх дамоў і такім чынам даведаюцца аб значнасці для Беларусі трагедыі ў Чарнобылі.

Некалькі гадоў запар “Чарнобыльскі шлях” праходзіў па маршруце кінатэатр “Кастрычнік” — вуліца Сурганава — плошча Бангалор. Сёлета апазіцыя вырашыла таксама сабраць людзей ля “Кастрычніка”, але ісці ва ўрочышча “Курапаты”, прыкладна за дзесяць кіламетраў ад месца збору. Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заўважае, што калі будзе цяжка, то не абавязкова ісці увесь шлях пешшу. Маўляў, стаміўшыся, можна пад’ехаць грамадскім транспартам. Альбо ўвогуле прыйсці толькі на месца збору, ці адразу ў Курапаты. Там пасля завяршэння акцыі плануецца прыборка тэрыторыі.

На пытанне, чым жа ў такім выпадку сёлетні “Чарнобыльскі шлях” будзе адрознівацца ад шэсця на “Дзяды”, Аляксей Янукевіч адказвае проста — не будзе крыжоў.

“Традыцыйна ў Курапаты на “Дзяды” нясуць крыжы. Мы не плануем зараз несці крыжы і ўсталёўваць нейкія новыя крыжы. Ну, і ў аздабленні калоны будзе выкарыстаная тэматыка, прысвечаная пытанням экалагічным, прысвечаная пытанням катастрофы на Чарнобыльскай АЭС”.

Янукевіч таксама кажа, што новы фармат “Чарнобыльскага шляху”, хутчэй за ўсё, будзе прыняты Мінгарвыканкамам. “Мы не рабілі яго правакацыйным, там праходзілі шэсці”, — тлумачыць ён. Але ў выпадку адмовы арганізатары гатовыя хуценька падрыхтаваць новы варыянт маршрута.

Яшчэ адзін заяўнік акцыі, Ілля Дабратвор, звяртаецца да патэнцыйных удзельнікаў і просіць іх падрыхтаваць да акцыі экалагічныя і чарнобыльскія лозунгі. У дадатак да тых, якія ўжо маюць арганізатары.

“Хацелася б, каб удзельнікі рабілі ў лозунгах уплыў на нейкія экалагічныя тэмы. І звязаныя з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС”.

Напрыканцы заяўнікі паабяцалі аднолькава роўна паставіцца да ўсіх удзельнікаў шэсця. Нават да прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў. Калі яны не будуць публічна дэманстраваць сваю адметнасць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі