Чупрыс: некаторыя беларусы прапануюць уводзіць больш суровыя меры
У Беларусі чакаюцца змены ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. У канцы 2019-га Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, на якой паставіў задачу, што галоўным крытэрыем працы сілавікоў мусіць быць не колькасць выяўленых правапарушэнняў, штрафаў, а прафілактыка, скарачэнне адміністрацыйных ўчынкаў грамадзян.
Да 24 студзеня беларусы могуць даслаць свае пажаданні і прапановы. Улады абяцаюць, што іх прааналізуюць і выкарыстаюць (карэкціроўка Адміністрацыйнага кодэкса мусіць быць скончана да 1 чэрвеня). Міжведамственнай экспертнай камісіяй кіруе Вольга Чупрыс, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. У праграме "Контуры" на тэлеканале АНТ яна распавяла, што атрымана каля 1500 прапановаў ад грамадзян. "Ніколі такога не было ў краіне, каб такі ахоп насельніцтва быў", — кажа Чупрыс.
Цікава, што ў некаторых выпадках беларусы "прапануюць больш суровыя меры, чым прадугледжана цяпер". Вольга Чупрыс кажа, што, напрыклад, гэта датычыць некаторых парушэнняў правілаў дарожнага руху (праезду на забараняльны сігнал святлафора і г. д.).
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта не выключае, што змены могуць адбыцца і ў Крымінальным кодэксе, калі за некаторыя ўчынкі будзе прадугледжана толькі адміністрацыйная адказнасць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.