Ці лёгка стаць падазраваным з-за "адкатаных пальчыкаў”?

Падчас усеагульнай дактыласкапіі адбылося больш за тысячу супадзенняў з адбіткамі пальчыкаў, якія фігуруюць у справах разбою, рабаванняў ды нават забойстваў. Ці дакажуць гэтыя людзі, што яны не злачынцы? — У краме вы глядзелі, напрыклад, нейкі магнітафон. Там засталіся вашыя адбіткі. Потым гэты магнітафон набыў іншы чалавек, і дзесьці нейкім чынам у яго гэты магнітафон скралі. На ім вашыя адбіткі пальцаў, вас праверылі — і высветлілася, што ў момант рабунку вы былі ў іншым месцы. Гэта ўсё правяраецца і высвятляецца, гэта не страшна. Да таго ж такія выпадкі — вялікая рэдкасць, — гаворыць афіцэр УУС Магілёўскага аблвыканкама, якому журналіст Еўрарадыё выказаў сваю боязь наконт працэдуры дактыласкапіі.

Супрацоўніца экспертна-крыміналістычнага аддзела РАУС Салігорска спадарыня Скачкова таксама дапускае, што “пальчыкі” законапаслухмяных грамадзян могуць выпадкова апынуцца на месцы злачынства. Але вопытныя міліцыянты іх “выбракоўваюць”.

Спадарыня Скачкова: “Мужчына, вы наслухаліся страшных гісторый. Гэта папросту нейкі мастацка-забаўляльны аповяд. Таму не бойцеся, ніхто вас не ў чым не западозрыць”.

ЕРБ: А калі мае адбіткі раптам выпадкова знойдуць на месцы злачынства?

Спадарыня Скачкова: “Гэта ўсё выбракоўваецца. Ёсць жа людзі падазроныя, якія ўваходзяць у лік наркаманаў, былых зэкаў. А ёсць звычайныя грамадзяне, якія прыходзяць у краму, кранаюць шкло ці яшчэ штосьці”.

“Народная газета” надрукавала гісторыю пра падобны выпадак: “Аднойчы на месцы злачынства апроч іншых прадметаў знайшлі вядро. Адбіткі пальцаў належылі чалавеку, які на момант злачынства…даўно сядзеў у турме. Высветлілася, што ў турме чалавек вырабляў вёдры”.

Але што было б, калі б той чалавек на момант злачынства не сядзеў у вязніцы?

Паводле слоў начальніка ўпраўлення Дзяржаўнага экспертна-крыміналістычнага цэнтра Віктара Бязмена у інтэрв'ю “Народнай газеце”, падчас агульнай дактыласкапіі знойдзена больш за тысячу супадзенняў з адбіткамі пальчыкаў, якія фігуруюць у справах разбою, рабаванняў ды нават забойстваў. “Гэта не значыць, што гэтыя людзі злачынцы. Магчыма яны сведкі, якіх не хапіла следству”.

МУС накіраваў праект закону аб абавязковай дактыласкапіі ўсіх ваеннаабавязаных у Савет бяспекі і Саўмін. Магчыма, парламент разгледзіць змены ў закон ужо ў гэтую сесію.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі