"Усё накрылася". Ці магчымая “перазагрузка” адносінаў Беларусі і Венесуэлы?
За два гады таваразварот Беларусі з Венесуэлай скараціўся ў 50 разоў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2014 годзе мы нагандлявалі з Баліварыянскай Рэспублікай на $99,7 млн. У 2016 годзе гэтая лічба ўпала да $2 млн, прычым Венесуэла не пастаўляла ў Беларусь наогул нічога.
Мы склалі спіс таго, чым Беларусь перастала гандляваць з Венесуэлай:
калійныя ўгнаенні, рухавікі ўнутранага згарання, пад'ёмнікі і пагрузчыкі, дарожная і будаўнічая тэхніка, запчасткі для аўтамабіляў і трактароў, лакі і фарбы, замазка, шпатлёўка і іншыя будматэрыялы, тэкстыль.
Сёлета сітуацыя выглядае крыху лепш — за 7 месяцаў Беларусь экспартавала ў Венесуэлу тавараў на $4,7 млн. Пастаўкі з Венесуэлы ў Беларусь па-ранейшаму роўныя нулю.
Пакуль быў жывы Уга Чавес — “сябра, таварыш і брат Лукашэнкі” — усё было па-іншаму. У асобныя гады экспарт Беларусі ў Венесуэлу перавышаў $250 млн. А мы “закупляліся” там больш як на $1 млрд. Кульмінацыяй гэтага сяброўства стала адпраўка танкера з венесульскай нафтай для Беларусі падчас “нафтавай вайны” з Расіяй.
Але ў 2013 годзе ўсё змянілася. Цягам года краіны згубілі 85% таваразвароту. А цягам чатырох гадоў увогуле амаль абнулілі ўзаемны гандаль.
Ці магчымая “перазагрузка” эканамічных адносінаў з Венесуэлай?
“Я думаю, не, — лічыць эканаміст Леанід Злотнікаў. — Венесуэла зараз знаходзіцца ў вельмі складаным эканамічным становішчы. 90% яе экспарту складала нафта, а эпоха высокіх коштаў на нафту скончылася на доўгія гады. Да таго ж, ЗША пагражае Венесуэле эканамічнымі санкцыямі. Па-другое, там вельмі высокая ступень палітычнай нестабільнасці. Так што ні пра якое стратэгічнае партнёрства гаворка ісці не можа”.
На гэтым фоне 5 кастрычніка ў Беларусь з афіцыйным візітам прыязджае прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура. Спачатку ён сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам у фармаце "сам-насам", пасля пройдуць перамовы ў пашыраным складзе. Афіцыйна кажуць, што галоўнай тэмай для абмеркавання будзе гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Але пра што тут казаць? Венесуэла для Беларусі — прыкладна такі ж стратэгічны партнёр, як і Беларусь для Венесуэлы. То бок, ніякі.
“Беларусь зараз — таксама эканамічна слабая краіна. Мы нічога не можам даць Венесуэле: ні новых тэхналогіяў, ні інвестыцыяў, — працягвае Леанід Злотнікаў. — У нас інвестыцыі ва ўласную эканоміку зніжаюцца апошнія тры гады. Якія могуць быць інвестыцыі ў венесуэльскую эканоміку?”
Навошта тады Нікалас Мадура едзе ў Мінск? Няўжо яго галоўная мэта — пагаварыць з Лукашэнкам пра жыццё і адкрыць помнік Сімону Балівару? Мяркуючы па яго першых заявах, усё так і ёсць:
"На першым этапе ў нас былі значныя поспехі. Зараз мы хочам зноўку ўсё аднавіць, — кажа Мадура падчас сустрэчы з Лукашэнкам. — У пакрокавым спакойным рытме аднавіць гэты ўзровень супрацоўніцтва. Мы прыехалі з надзеяй зрабіць гэта".
Звяртаюць на сябе ўвагу словы "зноўку ўсё аднавіць". Насамрэч, не ўсе беларуска-венесуэльскія праекты зараз спыненыя — на заводзе па зборцы трактароў, які ў 2012 годзе пачала будаваць у Венесуэле кампанія "Белзамежбуд", што называецца, яшчэ ёсць жыццё.
"Дабудоўваюць. Але зусім мала людзей засталося, блізу 30 чалавек", — распавядае Еўрарадыё крыніца, якая ў курсе стану справаў на будоўлі. — Але ў цэлым — так, усё накрылася".