Ці магчымая сацыялогія ў Беларусі?
Станіслаў Шушкевіч прылюдна назваў Алега Манаева здраднікам за яго сацыялагічныя даследаванні і заявіў, што сацыялогія ў такой краіне немагчымая.
Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў апублікаваў вынікі чэрвеньскага даследавання. Найбольшы закрыты рэйтынг (з прапанаванага спісу палітыкаў — Еўрарадыё) сярод апазіцыянераў аказаўся ў Някляева. Палітык кажа, што гэта яму не дапаможа стаць адзіным кандыдатам ад апазіцыі.
“Лагічна дапусціць, што ў каго больш галасоў, той і першы. Але як толькі я гэта заяўлю, то адразу прагучаць папрокі. І нават не ў мой адрас, а ў адрас тых, хто праводзіў даследаванне”.
Згодна з даследаваннямі Алега Манаева, які кіруе НІСЭПД, Лукашэнка мае амаль 41% закрытага рэйтынгу. Першы з апазіцыянераў — Някляеў з 9,5%. Затым Саннікаў (6%), ды Мілінкевіч (6%). Старажыл апазіцыйнай тусоўкі Анатоль Лябедзька набраў на дзіва няшмат. Усяго 1,5%. Нават у Вольгі Карач на 0,2% больш, хоць яна ў палітыку ўлезла зусім нядаўна.
Акрамя чаканых і нечаканых рэйтынгаў у даследаванні Манаева гаворыцца пра паляпшэнне стаўлення беларусаў да Расіі, рост рэальных прыбыткаў насельніцтва і аптымізму ў беларусаў. З іншага боку, стаўленне да ўладаў у беларусаў, калі верыць Манаеву, не вельмі прыхільнае. Ставяцца да чыноўнікаў людзі як да “не сваіх”.
Каментарый ва Уладзіміра Някляева бяру 10 ліпеня. А ўжо 16-га яго прагноз спраўджваецца — на навуковай канферэнцыі ў Варшаўскім універсітэце Станіслаў Шушкевіч не толькі ставіць пад сумнеў вынікі даследавання Алега Манаева, але нават называе яго “здраднікам”.
“Што тычыцца некаторых сацыёлагаў, то я наўпрост скажу, як мы ў сябе гаворым — Манаеў здраднік. І вы, прафесар Вардамацкі, гэта добра ведаеце. Не можа быць нармальнай сацыялогіі ў беларускіх умовах”, — прамаўляе ўзрушаны Шушкевіч са зручнай варшаўскай трыбуны, звяртаючыся да прысутнага на канферэнцыі іншага незалежнага сацыёлага — Андрэя Вардамацкага.
І гэта нягледзячы на тое, што ў Шушкевіча, згодна з даследаваннямі Манаева, рэйтынг даволі высокі — ажно 4%. Ён саступае толькі вышэйназваным Някляеву, Саннікаву ды Мілінкевічу.
Еўрарадыё звярнулася па каментар да згаданага Шушкевічам Андрэя Вардамацкага. Ці насамрэч у Беларусі немагчымыя ніякія сацыялагічныя даследаванні? Сацыёлаг прызнае, што свая спецыфіка ў нашай краіне існуе, але гэта не значыць, што сацыёлагі могуць складваць рукі.
“Ёсць спецыфіка сацыялагічнага поля ў Рэспубліцы Беларусь. Але гэта не азначае, што сацыялагічныя даследаванні праводзіць немагчыма, і што яны нічога не адлюстроўваюць”.
Згодна са словамі Вардамацкага, у сацыёлагаў існуе шэраг каэфіцыентаў, якія дазваляюць улічваць любую спецыфіку і карэктаваць вынікі даследаванняў. Прымяняюць іх сацыёлагі не толькі ў Беларусі, а і ў іншых краінах свету — ацэньваюць вынікі сваіх даследаванняў сацыёлагі паўсюль. Атрыманыя лічбы могуць некаму падабацца, альбо не падабацца, але ў іх сапраўднасці сумнявацца не даводзіцца, дадае Вардамацкі.