Ці зробяць з палаца XVIII стагоддзя СПА-цэнтр?

Аб’ект з медыцынскім профілем з’явіцца ў памяць аб лякарні для багемных наркаманаў і алкаголікаў, якая знаходзілася ў ім “за польскім часам” Палацава-паркавы комплекс XVIII стагоддзя ў вёсцы Свяцк ля Аўгустоўскага канала патрабуе тэрміновай рэстаўрацыі. Аб гэтым у лісце да міністра культуры Паўла Латушкі напісалі пяцёра гродзенскіх гісторыкаў — Андрэй Вашкевіч, Юрый Гардзееў, Ігар Лапеха, Алесь Смалянчук і Андрэй Чарнякевіч.

Андрэй Чарнякевіч кажа, што ў адказе за подпісам намесніка міністра Уладзіміра Грыдзюшкі ён не прачытаў нічога новага:

“Усяго літаральна тры сказы пра Свяцк. Што ёсць такі Свяцк, гэта здабытак беларускай культуры і апошняе — што міністэрства звярнулася да аблвыканкаму з прапановай перадаць яго на ўтрыманне “Азёрнаму”.

Гаворка пра перадачу палацава-паркавага комплексу ў вёсцы Свяцк Нацбанку вядзецца амаль год. На гэта ёсць згода Міністэрства культуры, але поўнасцю пакет дакументаў дагэтуль не сабраны.

“Заўтра выязжаюць яшчэ ў Саўмін. Гэта нават распараджэнне прэзідэнта павінна быць. Вось калі мы аформім перадачу, тады і будзем весці размову”, — распавёў Аляксандр Саўцоў, начальнік аддзела адукацыі Гродзенскага райвыканкама, на балансе якога зараз знаходзіцца Свяцк.

Паводле папярэдніх падлікаў, рэстаўрацыя палацу будзе каштаваць 50 мільярдаў рублёў (каля 18 млн долараў).

“Грошы будуць, калі мы за гэты праект узяліся, грошы будуць”, — перакананы галоўны ўрач ААТ “Санаторый “Азёрны” Аляксандр Купрашэвіч.

Тым часам, кіраўніцтва санаторыю ўжо будуе планы адносна таго, што зрабіць ў палацы пасля яго аднаўлення. На думку Аляксандра Купрашэвіча, гэта павінен быць шматкомплексны аб’ект:

“Мы так думаем, што будзе кавалачак гатэлю. Паўсюдна павінны быць адноўлены элементы даўніны, нейкая музейная экспазіцыя павінна прысутнічаць. Або гэта будуць шафы, або вітрыны, або залаў некалькі. Нам хацелася б, каб там тыя ж канюшні былі, парк прыгожы, сажалкі, кузня”.

Мяркуецца, што ў палацы будуць праходзіць сустрэчы, канферэнцыі, семінары.

Аляксандр Купрашэвіч: “Потым, там жа за польскім часам быў санаторый для багатых людзей, скажам так, з залежнасцю. Мы хацелі б і гэта адлюстраваць”.

На думку галоўурача, гэтая гістарычная асаблівасць найлепш запомніцца наведвальнікам, калі ў палацы будзе свой аб’ект з медыцынскім профілем, напрыклад, — СПА-цэнтр.


Фота Аляксандра Саенкі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі