Дачка: Рыгору Кастусёву тэрмінова неабходная шпіталізацыя

Дачка: Рыгору Кастусёву тэрмінова неабходная шпіталізацыя

Лідару Партыі БНФ Рыгору Кастусёву, якога трымаюць у СІЗА КДБ, тэрмінова неабходная шпіталізацыя. Пра гэта інфармагенцтву БелаПАН паведаміла яго дачка Кацярына.

Па яе словах, 27 ліпеня бацьку ў СІЗА наведала яго абаронца Інэса Аленская.

У 64-гадовага палітыка пагоршыўся стан здароўя. 24 ліпеня яму выклікалі ў СІЗА хуткую дапамогу.

Як паведамлялася раней, на пачатку ліпеня Кастусёва ў сувязі з рэзкім пагаршэннем здароўя перавялі ў турэмны шпіталь. Абследаванне паказала падазрэнне на анказахворванне. Аднак у сярэдзіне ліпеня палітыка вярнулі ў СІЗА КДБ.

"Цяпер медыкаменты, якія даюць лекары ў СІЗА, майму бацьку не дапамагаюць. Яму становіцца толькі горш. У бацькі, па апошніх аналізах, падазрэнне на анказахворванне. Тэрмінова патрэбна біяпсія, але яго трымаюць у камеры", — кажа Кацярына Кастусёва.

У лісце да паплечнікаў палітвязень паведаміў, што яму тройчы адмовілі ў пераводзе пад хатні арышт. 

Як кажа дачка, 27 ліпеня адвакатка падала ў следчыя органы яшчэ адно хадайніцтва аб шпіталізацыі Кастусёва. 

21 і 23 ліпеня Кацярына Кастусёва падавала запыты пра стан здароўя бацькі. Але следчыя, па яе словах, не адказваюць ні пра стан яго здароўя, ні пра дыягназ. 

Рыгора Кастусёва затрымалі на пачатку 12 красавіка — адначасова з літаратуразнаўцам Аляксандрам Фядутам і адвакатам Юрыем Зянковічам. Іх вінавацяць у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады. Ім пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Удзельнікі групы, якія засталіся на волі, кажуць, што ў іх быў дыскусійны клуб, дзе абмяркоўваліся розныя варыянты развіцця палітычных падзеяў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі