Дакументы ў Цэнтрвыбаркам падала Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая
31 кастрычніка дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў падала ў Цэнтрвыбаркам Ганна Канапацкая.
Паведамляецца, што яна прынесла дакументы асабіста.
Раней з'яўлялася інфармацыя, што Канапацкая звяртаецца да былых чальцоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). У сувязі з гэтым БСДП заклікала сваіх прыхільнікаў у Беларусі ўстрымацца ад удзелу ў ініцыятыўных групах усялякіх кандыдатаў.
Раней Канапацкая ўваходзіла ў апазіцыйную Аб'яднаную грамадзянскую партыю. У 2015 годзе яна стала дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў — адзінай з усіх прадстаўнікоў апазіцыйных партый. Праз нейкі час Канапацкая пакінула партыю. У 2020-м вылучалася кандыдаткай на прэзідэнцкія выбары. Падчас выбарчай кампаніі рэзка крытыкавала Віктара Бабарыку і Святлану Ціханоўскую. Паводле афіцыйных звестак яна набрала 1,68% галасоў выбарцаў.
На цяперашні момант ЦВК зарэгістраваў толькі адну ініцыятыўную групу — Аляксандра Лукашэнкі. Адмовы атрымалі Аляксандр Драздоў і Юрый Губарэвіч. Вядома, што падалі дакументы таксама кіраўнікі праўладных партый Алег Гайдукевіч і Аляксандр Хіжняк, а таксама прадстаўніца Беларускага саюза жанчын Вольга Чамаданава (былая прэс-сакратарка МУС).
Прэзідэнцкія выбары прызначаныя на 26 студзеня 2025 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.