Дар’я Домрачава засталася без медалёў у спрынце
6 снежня ў шведскім Эстэрсундзе прайшла жаночая гонка на дыстанцыю ў 7,5 км у рамках 1-га этапу Кубка свету па біятлоне.
Адна з фаварытак гонкі і прэтэндэнтак на медалі беларуска Дар’я Домрачава пацярпела няўдачу: на другім агнявым рубяжы яна атрымала штрафное кола, а потым істотна прайграла сваім канкурэнткам у хуткасці. У выніку беларуска заняла толькі 5-е месца.
Яшчэ адна прэтэндэнтка на высокае месца, беларуска Надзея Скардзіна, трапіла ў самы хвост фінішнага пратаколу — 89-е месца. Яна не зможа ўдзельнічаць у гонцы пераследу. Анастасія Дубарэзава і Анастасія Каліна з Беларусі занялі 54-е і 70-е месца адпаведна. Затое Надзея Пісарава нечакана паказала вельмі прыстойны вынік — 20-е месца.
Выйграла гонку нарвежка Тырыль Экхаф, другое месца ў Веранікі Віткавай з Чэхіі, а на трэцім месцы — фінка Кайса Макярайнен.