"Дата генератар": 6 ліпеня 1651 года — войскі ВКЛ разбілі казакоў Хмяльніцкага

"Дата генератар": 6 ліпеня 1651 года — войскі ВКЛ разбілі казакоў Хмяльніцкага

Гэта была ўжо другая пераможная бітва нашых продкаў з бандамі Багдана Хмяльніцкага пад Лоевам.

Нагадаю, што першая бітва каля Лоеўскай пераправы цераз Дняпро адбылася 31 ліпеня 1649 года, у першы год "Хмяльніччыны". Такую назву атрымала ў народзе вайна анархічна настроеных казакоў Запарожскага войска і нізоў (галыцьбы, чэрні), якія далучыліся да яго, супраць Рэчы Паспалітай. У савецкі час гісторыкі-партбілетчыкі, якія шукалі ўсюды класавую барацьбу, называлі тую вайну казакоў-анархістаў супраць дзяржавы "антыфеадальным паўстаннем народных мас Украіны і Беларусіі".

Войскі польнага гетмана ВКЛ Януша Радзівіла (каля 7 тысяч чалавек) дашчэнту разбілі ў тры разы большае казацкае войска (Кіеўскі, Чарнобыльскі, Оўруцкі конныя палкі на чале з Міхаілам Крычаўскім і Чарнігаўскі пяхотны полк Сцяпана Пабадайлы). Казакі страцілі больш за 10 тысяч чалавек. Паранены Крычаўскі трапіў у палон і неўзабаве памёр. Радзівіл страціў забітымі каля 1700 чалавек шляхты і наёмнікаў. Прарвацца на землі ВКЛ казакам не ўдалося.

Але вайна на землях Украіны працягвалася. А летам 1651-га казакі распачалі новы наступ на паўднёва-ўсходнюю частку ВКЛ. У канцы траўня Чарнігаўскі палкоўнік Мартын Нябаба адправіў больш за 7 тысяч казакоў да Гомеля. Вось яго загад камандзірам гэтага войска — палкоўнікам Забелу, Літвіненку, Окшу і Паповічу: "Ідзіце, малойцы... і ўсіх мяшчан-ляхаў у Гомелі ў пень сячыце, ніводнага ў жывых не пакідайце. Горад спаліце, а потым у Быхаў ідзіце, яго бярыце".

Казакі прыйшлі да Гомеля 3 чэрвеня. Але ў горадзе знаходзіўся гарнізон наёмнікаў на чале з капітанам-шатландцам Х'ю Мантгомеры, там сабралася апалчэнне жыхароў горада на чале са старастам Зыгмунтам Слушкам і шляхта павета. 5, 6, 7 чэрвеня казакі днём і ноччу 15 разоў хадзілі на штурм, але былі адбітыя і 9 чэрвеня сышлі, нічога не дабіўшыся.

Іншы атрад (2 тысячы чалавек) Нябаба паслаў да Лоева ахоўваць пераправу. А сам з атрадам на 5 тысяч чалавек стаў лагерам каля вёскі Рэпка, за пяць вёрстаў ад Лоева.

6 ліпеня атрад гусараў Рыгора Мірскага (2,5 тысячы чалавек), стражніка ВКЛ, раптоўнай атакай на досвітку разграміў "старожу" казакоў каля пераправы. Толькі нямногім з іх удалося выратавацца. Даведаўшыся пра гэта, Нябаба тэрмінова выйшаў з усімі сіламі ад Рэпкі да Лоева, каб акружыць і разбіць Мірскага. Падчас бою казакоў з гусарамі Мірскага да Лоеўскай пераправы пачало падыходзіць войска Януша Радзівіла. У яго было 4 тысячы салдат: наёмная нямецкая пяхота, коннае шляхецкае апалчэнне і дзве харугвы татарскай конніцы.

Нябаба адступіў на найбліжэйшыя ўзвышшы і прыняў бой. Ён хацеў выйграць час, каб полк Сцяпана Пабадайлы паспеў дайсці да Чарнігава і арганізаваць яго абарону.

Наёмная пяхота атакавала казакоў, аднак казакі, выкарыстоўваючы больш выгаднае становішча на мясцовасці, вялі моцны агонь з мушкетаў. Таму атака пяхоты не ўдалася. Але гусары Мірскага на досвітку наступнага дня (7 ліпеня) паўтарылі той жа прыём, што і супраць "старожы" на пераправе: яны абышлі размяшчэнне казакоў і атакавалі іх з тылу. Казакі ў гэты час спалі покатам на зямлі, а вартавыя занадта позна паднялі трывогу. Адразу ж пайшлі ў атаку і ваяры Радзівіла — спачатку конніца, за ёй пяхота. Пачалося збіццё заспетых знянацку ворагаў. Загінула больш за 5000 тысяч казакоў, у тым ліку амаль усе старшыны і сам Нябаба.

Пасля гэтай перамогі Радзівіл пайшоў на Кіеў, які заняў без бою 25 ліпеня (4 жніўня па новым стылі). У Кіеве ён загадаў знайсці і пакараць усіх удзельнікаў масавых забойстваў каталікоў і ўніятаў, учыненыя казакамі і гарадской чэрню (галыцьбой) у красавіку 1649 года. Тады былі змучаны звыш 300 чалавек: мужчыны і жанчыны, дарослыя і дзеці. Азвярэлыя пагромшчыкі выцягвалі іх нават з праваслаўных цэркваў і манастыроў, рэзалі або тапілі ў Дняпры. А цяпер ваяры Радзівіла 10 дзён шукалі і забівалі актыўных удзельнікаў пагрому. Пасля расправы з імі Радзівіл вярнуўся ў свой лагер пад Рэчыцай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі