Дэпутат: Пажыццёвае зняволенне не больш гуманнае за смяротнае пакаранне

Дэпутаты лічаць, што спяшацца з адменай смяротнага пакарання не варта, і спасылаюцца на вынікі рэферэндуму 1996 года. Еўрапейскія чыноўнікі падкрэсліваюць, што лёс смяротнай кары не мусіць вырашацца на ўсенародным рэферэндуме, але гэта — пытанне палітычнай волі.
"Умовы знаходжання ў зняволенні ўсё жыццё можа нават не больш гуманныя за само смяротнае пакаранне", — заявіла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Лявіцкая Еўрарадыё падчас круглага стала "Еўрапейскія каштоўнасці", які прайшоў у Мінску 4-5 лютага з удзелам беларускіх чыноўнікаў, недзяржаўных арганізацыі і прадстаўнікоў Савета Еўропы.

На думку дэпутата Анатоля Глаза, які ўваходзіць у працоўную групу аб пытанні ўжывання смяротнага пакарання, спяшацца з яго адменай не варта.

Анатоль Глаз: "Каштоўнасны фонд нацыі фармуецца стагоддзямі. І калі ён такі ў нас сфармаваны, ён не можа быць нівеляваны пад еўрапейскія каштоўнасці за пяць гадоў, за дзесяць ці за год. Трэба ісці да гэтага паступова".

На пытанне Еўрарадыё, ці гатовы парламент бліжэйшым часам адмяніць пакаранне, Анатоль Глаз адказаў, што агульная пазіцыя дэпутатаў не абмяркоўвалася. Але працоўная група будзе шукаць варыянты, і першае пасяджэнне адбудзецца ўжо на гэтым тыдні.

У кожным разе, адразу смяротнае пакаранне адменена не будзе — толькі пасля мараторыя.

Анатоль Глаз: "Я хачу падкрэсліць, што нават калі будзе прынятае пазітыўнае рашэнне, то не пакрокавым яно быць не можа. То бок, першы крок — гэта, вядома, мараторый, а не адмена".

Адмену смяротнага пакарання падтрымліваюць 39% беларусаў, 48% выступаюць супраць. Такія вынікі нядаўняга сацыялагічнага апытання прывёў дырэктар лабараторыі аксіяметрычных даследванняў "НОВАК" Андрэй Вардамацкі. Эксперт адзначае, што пры дапамозе медыйнай кампаніі за адзін месяц гэтую 9%-ю розніцу можна кардынальна змяніць.

Дакладчык па Беларусі Канферэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацый Савета Еўропы Сірыл Рычы працытаваў словы Генеральнага сакратара Савета Еўропы аб тым, што адмена смяротнага пакарання — пытанне палітычнай волі, і разглядаць яго на рэферэндуме — памылкова.

Дырэктар дэмакратычных інстытутаў Савета Еўропы Чылдэрык Шаапфэльд прывёў у якасці прыклада Францыю.

Чылдэрык Шаапфэльд: "Францыя — класічны прыклад, дзе пытанне аб адмене смяротнага пакарання вырашалася не на рэферэндуме, бо на ім яно, верагодна, не прайшло б. Гэтае рашэнне прыняў парламент, які дзейнічаў у інтарэсах грамадства".

Нагадаем, што ў чэрвені 2009 года Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы ў сваёй рэзалюцыі ўвязала вяртанне Беларусі гасцявога статуса ў асамблеі з мараторыем на смяротнае пакаранне. 

Беларусь — адзіная краіна Еўропы, якая не толькі не ўваходзіць у Савет Еўропы, а нават не мае гасцявога статусу. 47 еўрапейскіх краін, разам з усімі нашымі суседзямі, уваходзяць у Савет Еўропы. А значыць, іх грамадзяне могуць падаваць заяўкі ў Еўрапейскі суд па правах чалавека супраць парушэння сваіх правоў дзяржаўнымі органамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі