Дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў не ўключаць у Асамблею Еўранэст?
Днямі ў СМІ з’явілася інфармацыя, што прадстаўнікоў апазіцыі не запросяць у Парламенцкую Асамблею Ўсходняга Партнёрства. А Беларусь у Еўранэсце, нібыта, будуць прадстаўляць толькі 6 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Такую інфармацыю кіраўніцтва партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя атрымала ад сваіх крыніц у ЕС, паведаміў Еўрарадыё сустаршыня аргкамітэту партыі Аляксей Шэін:
Тое, што размовы пра склад беларускай дэлегацыі сапраўды вядуцца
ў еўрапейскіх кулуарах, пацвердзіў старшыня Дэлегацыі Еўрапарламента да
Парламенцкай Асамблеі Еўранэст Крысціян
Вігенін. Аднак па яго словах, беларускіх дэпутатаў у Парламенцкую Асамблею
Ўсходняга Партнёрства пакуль ніхто не ўключаў.
Крысціян Вігенін: “Я магу
ўпэўнена сказаць, што адзінае рашэнне, якое мы маем на гэты час, такое, што Беларусь павінна быць прадстаўлена ў
Еўранэсце лідэрамі апазіцыйных партый і сябрамі грамадзянскай супольнасці. Гэта
рашэнне папярэдняга складу Еўрапейскага парламента, і яго ніхто не змяняў”
Такія намеры Еўрапейскага Парламента пацвердзіў і намеснік
старшыні Дэлегацыі да ПА Еўранэст Яцэк
Сарыюш-Вольскі. Раней сапраўды вяліся перамовы, каб у склад беларускай
дэлегацыі ўвайшлі 5 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і 5 прадстаўнікоў апазіцыі.
Аднак афіцыйны Мінск адмовіўся ад такой прапановы. У выніку, у Еўранэсце
Беларусь будуць прадстаўляць толькі апазіцыянеры і сябры няўрадавых
арганізацый, паведаміў Еўрарадыё Яцэк
Сарыюш-Вольскі:
“У склад Парламенцкай
Асамблеі Усходняга Партнёрства ўвойдуць 10 прадстаўнікоў грамадзянскай
супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі. На сённяшні дзень юрыдычнае становішча
менавіта такое”.
Еўрадэпутаты чакаюць ад беларускай грамадзянскай супольнасці
і апазіцыйных партый спіс прапанаваных кандыдатаў. Сярод іх Еўрапарламент і выбярэ 10 дэлегатаў у
Парламенцкую Асамблею Еўранэст. Беларусь будзе ўдзельнічаць у працы Асамблеі ў
якасці назіральніка.
У складзе дэлегацыі еўрадэпутаты бачаць не толькі лідэраў
найбуйнейшых апазіцыйных партый, а таксама прадстаўнікоў незалежных
журналістаў, цэркваў і нацыянальных меншасцяў. Гэтае пытанне Еўрапарламент
абмяркуе 16 снежня на пленарнай сесіі ў Страсбургу. А вось праект новай
рэзалюцыі па Беларусі, хутчэй за ўсё так і застанецца без увагі. Яцэк
Сарыюш-Вольскі мяркуе, што гэта ўжо неактуальнае пытанне:
“Быў сэнс рабіць гэта тэрмінова, калі вырашалася
пытанне санкцый супраць Беларусі. А зараз непасрэднай патрэбы ў
рэзалюцыі няма, хаця безумоўна, ёсць пэўныя факты, на якія варта было б неяк
зрэагаваць. Але наступная палітычная перспектыва – гэта прэзідэнцкія выбары ў
Беларусі. Вось тады праект рэзалюцыі і
вернецца на паседжанне Еўрапарламента”
Зараз жа палітычныя групоўкі ў Еўрапарламенце моцна супраціўляюцца ўключэнню гэтага пытання ў парадак дня. Па словах Сарыюша-Вольскага, такім чынам яны хочуць захаваць добрыя адносіны з Расіяй.
Фота: Еўрарадыё