Дробыш пра аголенага Айвана з ваўкамі: Беларусы павінны быць у нечым першымі
21 сакавіка інтэрнет узарвалі фотаздымкі беларускага ўдзельніка "Еўрабачання-2016" Аляксандра Іванова. На іх Ivan паўстаў у новым і нечаканым вобразе... аголенага Маўглі, акружанага ваўкамі. Еўрарадыё звязалася з прадзюсарам Іванова Віктарам Дробышам, які распавёў пра ідэю нумару, смеласць спевака і выключна сваю адказнасць за ўсё, што адбываецца.
Гэта чыстая і натуральная гісторыя прыроды і чалавека...
Віктар Дробыш: Мы ўсёй камандай працуем над нумарам і вобразам Сашы. Я не ўяўляў сабе да гэтага моманту (век жыві — век вучыся), што чалавек можа ўзаемадзейнічаць з ваўком, не ведаў, што гэта жывёлы, якіх можна навучаць, нават у цырку іх ніколі не бачыў. І вось паўстала пытанне аб тым, што Саша павінен фактычна дапамагчы лётаць ваўку (не ў плане лётаць, як Юрый Гагарын, а лётаць у плане мастацкім), дапамагчы яму стаць дабрэйшым, святлейшым — гэта тое, што трэба сёння наогул людзям. Бо больш за ўсё ў свеце людзям патрэбна дабрыня, разуменне і дапамога. І вось гэту самую драпежную, прыземленую жывёліну герой нумару спрабуе абняць, пагладзіць і дапамагчы ёй стаць дабрэйшай. А лётаць — гэта значыць зрабіць яго добрым ... Калі нарадзілася ідэя таго, што Саша павінен пакратаць ваўка і ўзаемадзейнічаць з ім па-сапраўднаму, то мы падумалі, вядома, пра вопратку. І адматалі ўсё, пачынаючы ад індзейцаў, шкур, дайшлі да Маўглi. А потым вырашылі, што ўсе гэтыя павязкі зусім не абавязковыя, і што калі казаць пра прыроду і пра пачатак, то, вядома, трэба рабіць чалавека голым, каб было сапраўднае адчуванне яднання чалавека з прыродай. З ваўком у дадзенай сітуацыі.
Еўрарадыё: Гэта вельмі смелы крок...
Віктар Дробыш: Мы ўсе баяліся. Самае галоўнае, што гэта, у першую чаргу, ні ў якім разе не павінна быць пошлым. Ну, паглядзіце фотаздымкі, ну няма ж пошласці!? Наадварот, яны выклікаюць адчуванне нейкага замілавання, смеласці Сашы, рыцарскай смеласці. Вось нават я, напрыклад, прысутнічаў на трэніроўцы яго з ваўком і баяўся. Таму што ўсё ж такі гэта не сабака, гэта драпежнік. І тое, што Сашка гэта зрабіў, гэта ўжо па першых кроках магу сказаць, што ён рыцар у душы. Цікава, што ваўчыха адразу ж аблізала яму твар, паклала лапы на плячо, стала аб яго церціся. Мы спалохаліся. Ён стаіць, не рухаецца. Дрэсіроўшчыца сказала, што ваўчысе вельмі спадабаўся Сашын пах, і яна хоча максімальна атрымаць гэты пах сабе на цела, каб нюхаць яго... Таму тут няма ніякіх гісторый, звязаных з сексам. Гэта чыстая і натуральная гісторыя прыроды і чалавека. Далей гэта наша пытанне, як зрабіць так, каб гэта ні ў якім разе не было пошла — тады мы пераможцы. Калі гэта будзе пошла, тады нам будзе сорамна за ўсё, што мы робім.
Я лічу, што кожны год беларусы ў нечым павінны быць першымі
Еўрарадыё: Як Саша пагадзіўся выйсці ў такім выглядзе на сцэну перад мільёнамі тэлегледачоў?
Віктар Дробыш: Ён артыст. Ён павінен выконваць задачы, якія ставіць яму прадзюсар і каманда. Гэта як хакеіст, які гуляе ў нападзенні або абароне: ён выконвае дакладныя ўказанні, якія дае яму трэнер. І, дарэчы, калі каманда гуляе дрэнна, то вінаваты хто? Трэнер! Таму калі усё будзе дрэнна, то тут няма Сашавай віны. Толькі адзін чалавек будзе несці за ўсё адказнасць. Гэта я.
Еўрарадыё: Ва ўмовах конкурсу ёсць пункт, згодна з якім забаронена выходзіць на сцэну з жывымі жывёламі...
Віктар Дробыш: Мы паспрабуем зрабіць усё так, каб было ўсё добра. Я люблю Беларусь і лічу, што кожны год беларусы ў нечым павінны быць першымі. Правільна? Давайце вось у гэтым годзе ў "Еўрабачанні" таксама будзем першымі. Я маю на ўвазе нават не месца, а тое, каб мы зрабілі нешта такое, што ніхто ніколі не рабіў.
Еўрарадыё: А калі ваўкоў усё ж не дазволяць выводзіць на сцэну, ёсць запасны варыянт нумара?
Віктар Дробыш: У нас няма шляху адступлення. Мы верым у гэта. Я нават не хачу гэта абмяркоўваць.
Еўрарадыё: Ці ўзгадняўся вобраз Сашы на "Еўрабачанні" з Белтэлерадыёкампаніяй, і як там на яго адрэагавалі?
Віктар Дробыш: Ведаеце, можа я не маю рацыі, але я нічога не ўзгадняў. Думаю, што яны даведаліся пра ўсё разам з вамі. Гэта можа быць збольшага мой мінус, тое, што я чалавек, які не зусім жыве па правілах... А можа быць і плюс. Галоўнае, каб да 12 траўня мы падышлі з канчаткова аформленым нумарам з поўнай дамоўленасцю з арганізатарамі "Еўрабачання". Задача наша, бачыць Бог, зрабіць не проста круты нумар Беларусі, а каб "Еўрабачанне" стала яшчэ на крок круцейшым.
Сёння "Еўрабачанне" дайшло да такога высокага ўзроўню, што проста песня — гэта не вырашэнне пытання
Еўрарадыё: Апошнім часам часцяком на "Еўрабачанні" перамагае вобраз: Lordi, Канчыта Вурст... У выпадку з Сашам Івановым вы таксама робіце стаўку на вобраз?
Віктар Дробыш: Не. У першую чаргу, мы робім стаўку на песню, паколькі я лічу, што "Еўрабачанне" — гэта ўсё ж такі конкурс песні. Але наша задача максімальна прыгожа данесці гэтую песню да гледача, таму што на сёння "Еўрабачанне" дайшло да такога высокага ўзроўню, што проста песня — гэта не вырашэнне пытання. У гэтыя тры хвіліны, якія ласкава падарылі нам жыхары Беларусі, прагаласаваўшы за Сашу, мы павінны ўкласці такую колькасць сіл і энергіі, каб кожная секунда спадабалася не толькі жыхарам Беларусі, але і Еўропе, і ўсяму свету.
Еўрарадыё: У рэйтынгах букмекераў Іваноў займае аўтсайдарскія пазіцыі...
Віктар Дробыш: Гэта ўсё глупства, і на гэта не варта звяртаць увагі. Практыка паказвае, што букмекеры не заўсёды маюць рацыю і не так рэагуюць, як трэба, і іх погляды вельмі стандартныя і, часам, вельмі кансерватыўныя. Калі б на адборы Саша выйшаў у спадніцы, з блакітнымі валасамі і далей не буду працягваць, то ён даўно быў бы ў фаварытах незалежна ад песні.
Еўрарадыё: Стаўкі могуць вырасці пасля з'яўлення такіх фотаздымкаў...
Віктар Дробыш: Шчыра кажу: не робім мы фотаздымкі для таго, каб выраслі стаўкі. Я лічу, што выйдзе Саша і будзе спяваць, і будзе спяваць добра, і нумар будзе прыгожы, і ўсё будзе выдатна, і людзі будуць галасаваць за яго. Галасуюць людзі, а не букмекеры. А тыя, хто вельмі любіць "Еўрабачанне" і шмат гадоў звязаны з конкурсам, ведаюць, як уплываць на гэтых букмекераў. Мы ж будзем уплываць на людзей, якія глядзяць тэлевізар.
Еўрарадыё: Каго з канкурэнтаў Іванова вы бачылі, як ацэньваеце нумары Лазарава і Джамалы?
Віктар Дробыш: Ніяк не ацэньваю. Лічу, што калі я буду шмат думаць пра тое, што робяць Лазараў і Джамала, то я не зраблю добры нумар для Сашы. Самае правільнае цяпер — думаць пра сябе і рыхтавацца.
Еўрарадыё: Ці чакаць кліпа на песню Іванова?
Віктар Дробыш: Кліп не зробіць вялікага надвор'я: калі ён будзе такі, як нумар, то ён выдасць нумар. Калі рабіць кліп іншым, то ён завядзе далёка ад нумара. Таму я лічу, што няма сэнсу рабіць кліп, ёсць сэнс добра падрыхтаваць нумар.