Дырэктарка "Смарт Скул": мы не антыдзяржаўныя, наш ідэолаг — палкоўнік запасу

Заснавальніца і дырэктарка школы "Смарт Скул" / smart-s.info

"Пра якую антыдзяржаўнасць можа ісці гаворка, калі сузаснавальнік школы — былы работнік Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, мы адна з нямногіх школ, хто на першае верасня падняў дзяржаўны сцяг і ўключыў гімн дзяржавы, а наш ідэолаг — палкоўнік у запасе?"

Так дырэктарка прыватнай мінскай школы "Смарт Скул" Наталля Базанава пракаментавала сайту tochka.by словы Аляксандра Лукашэнкі, які назваў установу "антыдзяржаўнай клаакай".

Напярэдадні ў гэтай школе вучань стрэліў у твар аднакласніцы. Інцыдэнт набыў вялікі розгалас. Лукашэнка загадаў, каб у справе разабраўся сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, і даручыў "зачысціць усё да немагчымасці ў сістэме адукацыі".

Лукашэнка заявіў, быццам кіраўніцтва школы "на дух не ўспрымае беларускую дзяржаву".

Базанава абвяргае гэта. Па яе словах, "інфармацыю аб антыдзяржаўнасці" распаўсюджвала суседняя школа. Пасля інцыдэнту і розгаласу многія бацькі вырашылі забраць сваіх дзяцей з "Смарт Скул".

Раней дырэктарка казала, што ў інцыдэнце са стралянінай удзельнічалі вучні не яе школы. Цяпер на пытанні журналістаў Базанава адказвае так: "Я не магу гэтага сказаць. Не ўпэўненая, што мне можна, пакуль ідзе следства".

Як распавядала Еўрарадыё, Следчы камітэт пачаў на 54-гадовую дырэктарку крымінальную справу па ч. 2 арт. 424 КК (Злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі). Па звестках следства, дырэктарка і супрацоўнікі школы спрабавалі схаваць інцыдэнт.

Дарэчы, пра пацярпелую школьніцу паведамляецца, што яе зрок у выніку стрэлу не пацярпеў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.