Дзярждэп ЗША патрабуе вызваліць зрынутага прэзідэнта Егіпту
Прадстаўнікі Дзяржаўнага дэпартаменту далучыліся да заклікаў Нямеччыны адпусціць на волю Махамеда Мурсі.
Новыя ўлады краіны не раскрываюць месцазнаходжанне былога прэзідэнта і кажуць, што ён у надзейным месцы.
У чэрвені 2012 года лідар руху “Браты-мусульмане” выйграў прэзідэнцкія выбары, атрымаўшы 51,7% галасоў. Год ягонага кіравання адзначыўся супрацьстаяннем паміж прыкладна роўнымі па сіле прыхільнікамі і праціўнікамі ісламізацыі грамадства. Канфлікт завяршыўся ўмяшаннем войска 3 ліпеня.
У чацвер ЗША заклікалі кіраўніцтва Егіпту спыніць “адвольныя арышты”, але імені Мурсі пры гэтым не назвалі.
Як перадае ВВС, падзеі 3 ліпеня знянацку заспелі адміністрацыю Барака Абамы, якая дагэтуль шукае збалансаванага падыходу да таго што адбываецца. Амерыканцы імкнуцца перадусім не сапсаваць адносінаў ні з адной з палітычных сіл Егіпту.
Пасля абрання Мурсі ЗША выказвалі стрыманыя засцярогі, але імкнуліся наладзіць з ім дыялог. У выніку іх пазіцыяй цяпер незадаволеныя як прыхільнікі, так і праціўнікі Мурсі.
У чацвер прэс-сакратар Белага дому Джэй Карні паведаміў, што Вашынгтон пакуль не мае намеру адмаўляцца ад пастаўкі егіпецкаму войску знішчальнікаў Ф-16 у рамках раней падпісанага кантракту.
Чыноўнікі адміністрацыі вывучаюць пытанне пра тое, ці можна фармальна лічыць падзеі 3 ліпеня ў Егіпце ваенным пераваротам. Амерыканскае заканадаўства забараняе продаж зброі краінам, дзе дэмакратычны ўрад гвалтоўна зрынуты войскам.