Мінская турфірма: Палова нашых турыстаў адмовіліся ехаць у Егіпет
І папрасілі вярнуць грошы. А зараз туры ў “гарачую” афрыканскую краіну зусім ніхто не набывае.
У турыстычным Егіпце — надзвычайнае становішча, каменданцкая гадзіна ўведзеная нават для турыстаў. Увечары нельга пакідаць гатэлі, а беспарадкі разгарэліся нават у турыстычнай Хургадзе.
Еўрарадыё вырашае праверыць: ці не спужала страляніна беларусаў, якія жадаюць адпачыць на пляжах Хургады і Шарм-эль-Шэйха?
“Шмат людзей хочуць вярнуць свае грошы, кожны дзень звяртаюцца. Але тураператары не вельмі ахвотна іх вяртаюць. Выстаўляюць штрафныя санкцыі турфірмам, бо тыя ўжо аплацілі туры. Некаторыя аператары прапануюць памяняць краіну адпачынку: Егіпет на Туніс ці Турцыю”, — тлумачаць у турагенцтве “Малібу”.
Па грошы за паездку ў Егіпет да іх прыходзіць па некалькі чалавек за дзень.
У кампаніі “Візіт-тур” ад паездкі на мора ў Егіпет адмовілася палова кліентаў. Патрабуюць грошы!
“Адпачывальнікі паведамляюць, што на курортах нічога асаблівага не адбываецца. Але ў Хургадзе былі выступы і там рэкамендуюць не выходзіць з гатэляў нават удзень. Таксама экскурсіі адмененыя”, — расказваюць у кампаніі.
Тых турыстаў, хто б захацеў вярнуцца пасярэдзіне адпачынку, няма. Але няма і жадаючых ехаць у Егіпет зараз: пуцёўкі не набывае ніводзін чалавек.
Турфірма “Белтурпраспект” наогул адмовілася ад продажу тураў у Егіпет. Замяняюць Тунісам і Турцыяй, а з тымі, хто ўпарта хоча ў Егіпет, не працуюць.
“Навошта нам гэтыя форс-мажоры. Там усё што заўгодна можа здарыцца. Сваіх кліентаў мы арыентуем на іншыя напрамкі”, — тлумачаць у кампаніі. І запэўніваюць, што іх турыстаў у Егіпце зараз няма.
Але ёсць і тыя, хто рызыкнуў. Еўрарадыё знаходзіць Вольгу, якая менавіта зараз едзе ў Хургаду, бо… любіць там адпачываць.
“Што будзе, то будзе. Я планавала задоўга паездку, квіткі набывала месяц таму. Мяняць планы і адпачынак — праблемна. Сустракаюся з сяброўкай з Гомеля і вылятаем пасля з Кіева. Я не першы раз еду”.
У пазамінулым годзе, калі Егіпет таксама трэсла ад рэвалюцый, Вольга не мела праблем з адпачынкам. Спадзяецца, гэтаксама будзе і зараз. Яе тур у два тыдні абышоўся ў 800 долараў.
Тым часам хваляванні ў Егіпце не сціхаюць. Авіякампанія “Белавія” падумвае, каб перапыніць рэйсы ў гэтую “гарачую” краіну, асацыяцыя тураператараў Расіі спыніла продаж тураў туды, а МЗС Беларусі рэкамендуе турыстам адмяніць паездкі ў Егіпет.
Фота: rian.ru, hvylya.org