Эксперт: У Беларусі і Украіне скарысталі адзін дапаможнік па арганізацыі правакацый

Відавочцы падзей 19 снежня 2010 года ў Мінску сцвярджаюць: на шляху калоны пратэстоўцаў ад Кастрычніцкай плошчы да парламента ім трапіўся забыты камунальнікамі бульдозер. Амаль такі, які пакінулі камунальнікі Кіева. Вось толькі ў Мінску не знайшлося здольнага кіраваць такой тэхнікай, ці не паспеў своечасова падысці патрэбны чалавек у цывільным.



На аднолькавасць развіцця падзей у Мінску і Кіеве ўвагу Еўрарадыё звяртае кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паратнікоў.



Андрэй Паратнікоў: “Ёсць класічныя аперацыі-правакацыі, якімі карыстаюцца спецслужбы па ўсім свеце. Калі зыходзіць, што гэтыя трактары-бульдозеры былі запланаванай акцыяй, то, хутчэй за ўсё, карысталіся адной інфармацыйнай крыніцай, аднымі даведнікамі, якія, вельмі верагодна, захаваліся яшчэ з савецкіх часоў”.

                                           Андрэй Паратнікоў



Згодны з беларускім экспертам генерал міліцыі ў адстаўцы, дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Генадзь Маскаль.

                                            Генадзь Маскаль



Генадзь Маскаль: “Сцэнар уладаў аднолькавы: не мог забыцца хтосьці ключы ў экскаватары і што ён там рабіў? Каб каля прэзідэнцкай Адміністрацыі знаходзіўся кінуты экскаватар! Слухайце, ёсць жа адмысловыя службы, якія за такім сочаць — а раптам ён мае нейкія выбуховыя прылады?!”.

                             "Рэвалюцыйны" бульдозер у Кіеве



Эксперты сцвярджаюць: такія спецправакацыі не абыходзяцца без удзелу замаскіраваных пад пратэстоўцаў правакатараў. Падчас Еўрамайдану іх хапае, сцвярджае былы міністр абароны Украіны, кіраўнік партыі “Грамадзянская пазіцыя” Анатоль Грыцэнка.



Анатоль Грыцэнка: “Вось гэтыя правакацыі з бульдозерамі, з усімі гэтымі “цітушкамі”, ваенізаванымі фарміраваннямі — гэта ўсё ўлада. Іх суправаджае міліцыя — не хаваючыся, у форме, яны потым атрымліваюць перавагу пры асвятленні на тэлеканалах...”

                                  Генадзь Грыцэнка


“А дзе аператыўна-вышуковая дзейнасць, дзе праца спецслужб і праваахоўных органаў на апярэджанне?!” з абурэннем задае рытарычнае пытанне Генадзь Маскаль.



Падчас беларускай Плошчы камяні ў міліцыянтаў не ляцелі, бульдозерам іх не палохалі — можа, і правакатараў не было?



“Правакатар — гэта не абавязкова той, хто пачынае біць вокны. Можа быць правакатарам чалавек, які падводзіць да таго будынку, дзе трэба біць вокны. А далей ужо дзейнічае псіхалогія натоўпу”, — тлумачыць Андрэй Паратнікоў.

                      "Штурм" беларускага парламента, Плошча-2010



А тое, што беларускія пратэстоўцы ў 2010 годзе бесперашкодна дайшлі да парламента, пацвярджае: ішлі яны ў патрэбным накірунку, мяркуюць эксперты. Іх проста павялі туды, дзе ўжо чакалі, схаваўшыся ў самім будынку, міліцыянты, лічыць Паратнікоў.



Андрэй Паратнікоў: “Калі плануецца жорсткі сцэнар, а тады, як мы памятаем, быў мядовы месяц з Еўропай, то трэба будзе неяк гэты жорсткі сцэнар абгрунтаваць, чаму павялі сябе так: “Бо яны білі вокны, то вымушаныя былі даць палак!”



Пацверджаннем таго, што да парламента людзей вялі адмыслова, Андрэй Паратнікоў лічыць тое, што загадзя “нейтралізававалі” лідара "Гавары праўду" Уладзіміра Някляева — як толькі ён выйшаў з офісу. Нібыта, менавіта ён павінен быў кіраваць Плошчай, а такім чынам кіраванне перахапілі іншыя.

  Збітага "невядомымі" асобамі Уладзіміра Някляева забірае "хуткая"



Сцэнарыі арганізацыі правакацый у адказ на акцыі пратэсту прапісаныя даўно і імі паспяхова карыстаюцца спецслужбы ва ўсім свеце, сцвярджаюць эксперты. І даюць параду арганізатарам пратэстаў: дакладна прапісваць план дзеянняў.

                               Разгон Еўрамайдана "Беркутам"

                                       Разгон Плошчы-2010

Фота: Змітра Лукашука, obozrevatel.com, www.snob.ru, http://bymedia.net/, novychas.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі