Ермакова: Валютныя ўклады насельніцтва замарожвацца не будуць
Стаўкі па іх таксама не панізяцца, кажа кіраўніца Нацбанка.
У Беларусі няма перадумоваў для замарожвання валютных укладаў насельніцтва, заявіла старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова.
Па словах чыноўніцы, у банках назіраецца адток валютных укладаў, бо людзі асцерагаюцца, што іх грошы могуць замарозіць. Ермакова запэўнівае, што такога не адбудзецца. "Нават неяк не ўкладаецца ў галаве: як гэта можна замарозіць валютныя ўклады? У нас такой сітуацыі няма. У любы час банкі могуць заняць валютныя рэсурсы ў замежных банкаў", — перадае БЕЛТА яе словы.
Па словах кіраўніцы Нацбанка, не плануецца і паніжаць стаўкі па валютных укладах. Гэтыя стаўкі ў Беларусі і так нізкія: максімальныя з іх дасягаюць 6-6,5%.
Ермакова дадала, што адток рублёвых укладаў з банкаў амаль спыніўся, калі стаўкі па дэпазітах у нацыянальнай валюце выраслі да 50%. Акрамя таго, банкі Беларусі аднавілі выдачу рублёвых крэдытаў зыходзячы з наяўнай у іх ліквіднасці.
Фота — Fotobank.ru