Еўрадэпутатка загаварыла па-беларуску і прыгразіла Лукашэнку Гаагай
Малгажата Гасеўска
Еўрадэпутатка ад Польшчы Малгажата Гасеўска на слуханнях у Еўрапарламеце загаварыла па-беларуску і прыгразіла Лукашэнку і яго дапамагатым Гаагай у выпадку, калі на свабоду не выйдуць усе палітзняволеныя.
"Дарагія беларускія сябры! Мы памятаем пра вас і заўсёды будзем змагацца за вашу свабоду!" — звярнулася былая віцэ-спікерка польскага сейму да палітвязняў і іх сем'яў.
Паводле Гасеўскай, яна зробіць усё, каб на волю выйшлі зняволены журналіст Анджэй Пачобут, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, хрысціянскія святары.
Па яе словах, тое, што робіць Лукашэнка — гэта акт тэрору супраць уласнага народу. Гэта трэба спыніць і вызваліць людзей.
"Калі гэтага не зробіце, мы прасочым, каб вы патрапілі да Гаагі. Вашая ўлада не будзе трываць вечна. А вінаватыя дачакаюцца пакарання", — папярэдзіла еўрачыноўніца.
У чацвер Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю пра цяжкае становішча палітзняволеных у Беларусі, заклікаўшы рэжым вызваліць іх з турмаў. Таксама там выказалі занепакоенасць лёсам 300 тысяч беларусаў, якія эмігравалі пасля 2020 года і сутыкнуліся з цяжкасцямі і рэпрэсіямі за мяжой.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.