Кіеўскі Еўрамайдан вачыма беларусаў (фота)

Прадстаўнікі “Маладога фронту” правялі разам з украінскімі пратэстоўцамі 4 дні ў цэнтры Кіева і з’ехалі за пару гадзін да брутальнага разгону. Мэта паездкі маладзёнаў на кіеўскі Еўрамайдан – падтрымаць суседзяў у памкненні да еўраінтэграцыі, выказаць салідарнасць сваім непасрэдным удзелам. Беларусы зрабілі гэта і з’ехалі вечаровым цягніком 29 лістапада – не ведаючы, што літаральна праз пару гадзін адбудзецца беспрэцэдэнтны для Кіева брутальны разгон.

Мікола Дземідзенка: “29 лістапада было досыць усё ўжо зразумела. І калі мы сыходзілі з Майдана, на ім заставалася не так шмат людзей. Людзі пакідалі яго, некаторыя арганізатары ўжо сышлі адтуль – можна сказаць, што быў пэўны заход Еўрамайдана”.

Мікола Дземідзенка (у зялёнай куртцы) з паплечнікамі на Еўрамайдане. Фота Сержука Голіка

Мікола кажа, што пераломны момант адбыўся, калі з Вільні прыйшла вестка: Януковіч не падпісаў Асацыяцыю з Еўрасаюзам.

Мікола Дземідзенка: “Але ні грамадскасць, ні апазіцыя нічога не маглі яму супрацьпаставіць. На той момант, калі ўсе палітыкі прыляцелі з Вільні – гэта было каля 19 гадзін вечара – былі спробы заклікаць людзей на марш. Але людзі былі дэзарыентаваныя, не ведалі, што рабіць – таму ўсё скончылася само па сабе”.

Фота Сержука Голіка

Дземідзенка кажа, што цягам гэтых пратэстных дзён ніхто не забараняў прадпрымальнікам гандляваць каля Майдана кругласутачна. Натуральна, яны так і рабілі. Для гандляроў, апроч высокіх ідэяў, гэта быў яшчэ і спосаб добра зарабіць. Для пратэстоўцаў – спосаб кругласутачна падсілкавацца “не адыходзячы ад касы”, а таксама цывілізавана схадзіць у прыбіральню.

Мікола Дземідзенка: “Але шмат чаго было забяспечана арганізатарамі Еўрамайдана. Там раздавалася ежа. Прымалі заяўкі на начлег. Сядзелі людзі, які запісвалі звесткі ад тых кіеўлян, якія хацелі прыняць людзей. І заяўкі ад прыезджых, якія прасілі начлегу. Адзін раз нас, беларусаў, змясцілі начаваць у офісе грамадскай арганізацыі... Потым нас прытуліў львоўскі бізнесовец, з якім мы пазнаёміліся некалькі месяцаў таму ў Вільні – і выпадкова ўбачыліся на Майдане. Потым арганізатары бясплатна ўладкавалі нас у хостэл. Гэта была іх добрая воля – яны здымалі для гэтага некалькі хостэлаў”.

"Трафеі" з Кіева

З Еўрамайдана рэгулярны прыходзілі весткі пра сутычкі з праваахоўнікамі. Але Мікола кажа, што канкрэтна яны небяспекі не пачулі, хоць былі напагатове.

Мікола Дземідзенка: “Мы ж прыехалі з Беларусі – нам здавалася, што небяспека можа быць адусюль... Але першыя тры дні, як мы прыехалі, наогул не было ні міліцыі, ні “Беркута”. Яны стаялі дзесьці там у загонах – ахоўвалі зборку катка і ялінкі. Быў аднойчы выхад на Храшчацік, але там быў не “Беркут”, а кіеўская міліцыя, якая не моцна супраціўлялася перад дэманстрантамі… Асноўныя сілы падцягнуліся ў абед 29 лістапада, калі стала ясна, што Януковіч не падпісаў Асацыяцыю. З самага рання было бачна, што нешта будзе. З’явіўся “Беркут”, ездзілі аўтобусы… Была сітуацыя, досыць падобная да мінскай – напярэдадні разгону намётавага гарадка на Кастрычніцкай. Выстройваліся шэрагі... Потым яны пачалі блакаваць аўтобусы з гукаўзмацняльнай апаратурай палітыкаў… Пачаліся сутычкі, распыленне газу…”

Мікола чуў ад украінцаў на Майдане, што асноўная небяспека для іх – нават не “Беркут”. А гэтак званыя “тітушкі”.

Мікола Дземідзенка: “Гэта нанятае быдла такое. Улады – “Партыя рэгіёнаў” – іх наймае, каб яны разганялі мітынгі. Гэта досыць брутальна выглядае: калі хлопцы турэмнага выгляду наскокваюць і пачынаюць лупіць усіх. Самі мы не бачылі... Але ў дзень перад разгонам на Майдане казалі, што іх сабрана каля 2 тысяч, што яны ходзяць у наваколлі – іх бачылі ў кавярні, яны паціху шыхтаваліся… Але, відаць, ім так і не далі загаду на разгон”.

Дземідзенка прызнаецца, што апроч выказвання салідарнасці, удзел у Майдане – цікавы досвед, якога ў Беларусі не займець.

Мікола Дземідзенка: “Украіна – краіна з іншым сусветам у плане мітынгаў, арганізацыі гэтых мітынгаў. Думаю, тое, што адбываецца ва Украіне, на сённяшні дзень у Беларусі проста немагчыма. Можна доўга аналізаваць, чаму так, калі нашая краіна-суседка таксама, як кажуць, мае прыкметы аўтарытарызму. Але калі ўніверсітэты аб’яўляюць страйкі, рэктары заклікаюць студэнтаў ісці на мітынгі, яны калонамі рухаюцца да Майдана… Паводле нашых мерак, гэта – квітнеючая дэмакратыя”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі