Фігурантам "справы БЕЛТА" пачалі выстаўляць абвінавачанні
5 лістапада чатыром супрацоўнікам партала tut.by выставілі абвінавачанне па "справе БЕЛТА", па якой яны праходзілі падазраванымі.
Іх вінавацяць у тым, што "наўмысна з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці" яны парушылі парушэннем сістэму абароны і атрымалі несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі УП "БЕЛТА", "што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне іншай істотнай шкоды". Сума шкоды, як адзначае tut.by, розная ў кожным з выпадкаў — ад 3000 да 14 230 рублёў.
З фігурантаў справы ўзялі падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.
Ператрусы ў офісах кампаній tut.by і БелаПАН адбыліся 7 жніўня. Сілавікі затрымалі галоўнага рэдактара tut.by Марыну Золатаву, рэдактараў Ганну Калтыгіну, Галіну Уласік і Ганну Ермачонак, галоўнага рэдактара БелаПАН Ірыну Леўшыну і міжнародную аглядальніцу Таццяну Каравянкову, уласнага карэспандэнта "Нямецкай хвалі" Паўлюка Быкоўскага і рэдактара інтэрнэт-сайта газеты "Беларусы і рынак" Аляксея Жукава. Усе яны правялі па некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. 27 жніўня большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.
Супрацоўнік tut.by Дзмітрый Бобрык 25 верасня публічны паведаміў, што пад ціскам следчых даў падпіску аб супрацоўніцтве.
Дарэчы, выстаўленне абвінавачанняў па "справе БЕЛТА" супала з днём кампаніі "Станем за журналістыку". Гэтая акцыя праводзіцца з 2007 года 5 лістапада з ініцыятывы Міжнароднай федэрацыі журналістаў. Мэта кампаніі — прыцягнуць увагу да галоўных пагрозаў, з якімі сутыкаюцца журналісты.