Фігурантку "справы БелТА" хочуць паставіць на ўлік у міліцыі

Фігурантку "справы БелТА" хочуць паставіць на ўлік у міліцыі

Ад журналісткі парталу tut.by Ульяны Бабаед патрабуюць стаць на ўлік у міліцыі. Пра гэта яна даведалася ад следчага, які затэлефанаваў ёй.. 

Бабаед кажа, што вельмі здзівілася такому патрабаванню. "Таксама цікавілася, што за ўлік такі, бо ведаю, што звычайна ставяць на ўлік ужо асуджаных. Следчы ўдакладніў, што ў райаддзеле міліцыі трэба паставіцца на ўлік "падазраваных і абвінавачаных". І дадаў, што калі не прыйду сама, дык даставяць у міліцыю прымусова", — распавяла журналістка ў каментары радыё "Свабода".

Кіраўнік прэс-службы Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч не бачыць у такім патрабаванні нічога надзвычайнага. Па яго словах, следчы усё патлумачыў.

Юрыст-праваабаронца Павел Сапелка падкрэслівае, пастаноўка на ўлік да суда ці іншага працэсуальнага рашэння фармальна не супярэчыць беларускаму заканадаўству. Але такая мера абмяжоўвае правы чалавека.

"Фактычна, гэта пэўныя абмежаванні правоў асобы, гэта абавязак браць удзел у пэўных прафілактычных захадах. А калі чалавек адмовіцца ці не выканае нейкага з гэтых патрабаванняў, дык яго могуць абвінаваціць у непадпарадкаванні службовай асобе — а гэта новае злачынства. Між тым чалавек не прызнаны судом вінаватым. Дык чаму яго трэба абмяжоўваць у правах ды ставіць пад рызыку новага пераследу?" — задаецца пытаннем Сапелка. 

Дарэчы, пазней Ульяне Бабаед паведамілі, што гаворка ідзе пра дактыласкапічны ўлік у міліцыі, а не прафілактычны.

Як паведамлялася раней, абвінавачанымі па "справе БелТА" праходзяць 14 журналістаў. Іх вінавацяць у несанкцыяваным доступе да платнай стужкі навінаў дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Многім з абвінавачаных выстаўляюць таксама вялікія сумы кампенсацыі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі