БАТЭ стаў першым фіналістам футбольнага Кубка Беларусі (відэа)
У гасцях барысаўчане выйгралі ў мінскага "Дынама" — 3:1.
29 красавіка ў Мінску на стадыёне "Трактар" прайшла другая паўфінальная сустрэча паміж мінскім "Дынама" і БАТЭ, якія змагаюцца за футбольны Кубак Беларусі. Першая сустрэча 15 красавіка на "Барысаў-Арэне" скончылася нічыёй — 0:0.
У другой сустрэчы барысаўчане апынуліся мацнейшымі. Два мячы ў браму дынамаўцаў забіў Міхаіл Гардзяйчук (на 51-й і 70-й хвіліне). Яшчэ адзін гол мінчукам забіў Віталь Радзівонаў (на 59-й хвіліне).
Толькі на 78-й хвіліне Фатос Бечырай здолеў "размачыць" лік і крыху рэабілітаваць "Дынама".
Такім чынам, БАТЭ стаў першым фіналістам Кубка Беларусі. Другі фіналіст вызначыцца сёння ж падчас сустрэчы брэсцкага "Дынама" і салігорскага "Шахцёра" (першы матч — 0:0). Пачатак сустрэчы а 20-й.
Фінальны паядынак за Кубак Беларусі пройдзе на полі гомельскага стадыёна "Цэнтральны" 24 траўня.
Фота: fcbate.by